be
Arrow
Мінск 12:19

Чорная ноч беларускай літаратуры. Як захавалася памяць аб расстраляных паэтах

Спецыяльна для "Позірку"
Ілюстрацыя: David Tomaseti / unsplash.com

У ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя прадстаўнікі беларускай інтэлектуальнай эліты, у тым ліку 22 літаратары.

На працягу дзесяцігоддзяў памяць пра іх вярталася ў грамадскую прастору праз навуковыя даследаванні, пошукі страчаных твораў, літаратурныя чытанні і акцыі ў Курапатах.

Пасля 2020 года масавыя публічныя мерапрыемствы ў Беларусі сталі значна больш рызыкоўнымі, але традыцыя згадваць гэты дзень працягваецца ў беларускіх супольнасцях за мяжой.

Што адбылося ў ноч на 30 кастрычніка 1937 года

У тую ноч у Мінску супрацоўнікі НКУС расстралялі больш за 100 чалавек, сярод якіх былі 22 літаратары — паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.

У публікацыях пра гэтую трагедыю нярэдка называецца лічба 132 забітых, але яе нельга пацвердзіць адназначна.

Пазней дата гэтага масавага забойства стала вядомая як “Ноч расстраляных паэтаў”, ці “Чорная ноч беларускай літаратуры”.

Расстрэлы адбываліся на піку Вялікага тэрору — маштабнай кампаніі палітычных рэпрэсій у СССР у 1937-1938 гадах.

У Беларусі рэпрэсіі закранулі найперш дзеячаў культуры, навукоўцаў, выкладчыкаў, пісьменнікаў і дзяржаўных службоўцаў, якіх савецкая ўлада абвінавачвала ў нацыяналізме, нелаяльнасці або антысавецкай дзейнасці.

Паводле даследчыкаў, расстрэлы адбываліся ва ўнутранай турме НКУС у Мінску, вядомай як “амерыканка” (зараз СІЗА КДБ), а таксама ў падвалах Пішчалаўскага замка, дзе да нядаўняга часу размяшчалася СІЗА МУС (“валадарка”, паводле месца знаходжання на вуліцы Валадарскага).

Целы забітых, як мяркуецца, былі пахаваныя ва ўрочышчы Курапаты на ўскраіне Мінска — адным з найбольш вядомых месцаў масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Беларусі.

Сярод ахвяр былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і літаратурных традыцый, у тым ліку беларускай і яўрэйскай.

Урочышча Курапаты
Архіўнае фота: "Позірк"

Хто стаў ахвярамі расстрэлу

Сярод забітых былі паэты Міхась Чарот, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Юлі Таўбін, Ізі Харык, Валерый Маракоў, Юрка Лявонны і Анатоль Вольны, празаікі Міхась Зарэцкі і Платон Галавач, а таксама іншыя аўтары, якія пакінулі значны след у беларускай літаратуры 1920-х — пачатку 1930-х гадоў.

Адной з самых маладых ахвяр быў паэт і перакладчык Юлі Таўбін: яму было 26 гадоў. Літаратурнаму крытыку Пятру Хатулёву і педагогу Івану Жылуцкаму было па 25.

Сярод расстраляных быў і Майсей Кульбак — яўрэйскі паэт і празаік, адзін з найбольш вядомых аўтараў літаратуры на ідыш свайго часу.

Тодар Кляшторны
Крыніца выявы: wikimedia.org

Як вярталася памяць пра забітых

На працягу дзесяцігоддзяў савецкая ўлада замоўчвала маштабы палітычных рэпрэсій, а імёны многіх забітых літаратараў заставаліся па-за афіцыйным культурным канонам.

Іх творы рэдка перавыдаваліся, а біяграфіі ў даведніках падаваліся фрагментарна або наогул замоўчваліся.

Аднак пэўная размова пра рэпрэсаваных пачалася яшчэ ў савецкі час — з твора Аркадзя Куляшова, прысвечанага сябрам.

Куляшоў пазнаёміўся з Таўбіным і паэтам Змітраком Астапенкам у 1920-я гады, калі вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме.

Іх сяброўства абарвалася ў гады сталінскіх рэпрэсій: абодва былі арыштаваныя. Таўбіна расстралялі ў “Чорную ноч”, а Астапенку 5 кастрычніка 1937 года асудзілі на восем гадоў папраўча-працоўных лагераў.

Яго далейшы лёс застаецца цьмяным: паводле адной з версій, падчас Другой сусветнай вайны ён загінуў у Славакіі, але існуюць непацверджаныя звесткі, што ў 1949 годзе, ужо ў СССР, ён быў прыгавораны да высылкі.

Праз дзесяцігоддзі Куляшоў звярнуўся да сваіх сяброў у паэме “Маналог”, якая ўпершыню была надрукаваная у 1965 годзе — тады яшчэ без прысвячэння Таўбіну ды Астапенку, якое з’явілася у пазнейшых выданнях.

У маштабным творы паэт ставіў пытанне, як знайсці сляды тых, чые жыццё заўчасна абарвалася праз сталінскія рэпрэсіі:

“Сябры мае! Пад пустак дыванамі
Ці не абрыдла безназоўнасць вам?
Дзе дзверы, што замкнуліся за вамі?
Як вас знайсці? Якіх пытацца брам?”

Наступным важным этапам стала публікацыя ў чэрвені 1988 года артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты: дарога смерці” ў газеце “Літаратура і мастацтва”.

Артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва "Курапаты: дарога смерці"
Фота: svaboda.org

Аўтары распавялі пра масавыя пахаванні ахвяр рэпрэсій ва ўрочышчы пад Мінскам. У той час артыкул стаў адной з ключавых падзей грамадскай дыскусіі пра сталінскі тэрор у Беларусі.

У канцы 1980-х, падчас перабудовы і росту цікавасці да забароненых старонак гісторыі, Курапаты ператварыліся ў месца памяці не толькі пра расстраляных літаратараў, але і пра тысячы іншых людзей, забітых савецкімі карнымі органамі.

Імёны і творы рэпрэсаваных паступова вярталіся ў літаратурны абарот, а гісторыя знішчэння нацыянальнай інтэлігенцыі стала неад’емнай часткай дыскурсу пра беларускую культуру XX стагоддзя.

Як за памяць змагаліся сваякі расстраляных

Важную ролю ў вяртанні памяці пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій адыгралі некаторыя іх сваякі, напрыклад, Мая Кляшторная — дачка паэта Тодара Кляшторнага.

Дзяцінства яна правяла ў дзіцячым спецпрыёмніку НКУС і ссылцы, а вярнуўшыся ў Беларусь, пачала збіраць творы бацькі.

У 1960 годзе дзякуючы яе намаганням выйшаў зборнік вершаў Кляшторнага “Залатое вязьмо”.

Мая Кляшторная
Фота: nashaniva.com

У канцы 1980-х Кляшторная стала адной з заснавальніц таварыства “Мартыралог Беларусі”, якое даследавала палітычныя рэпрэсіі.

Значную частку яе грамадскай дзейнасці складала праца па захаванні Курапатаў як месца масавых расстрэлаў і нацыянальнай памяці. Кляшторная была архітэктарам і навуковым кіраўніком мемарыялу.

Дачка паэта ўдзельнічала ў грамадскіх ініцыятывах па абароне Курапатаў, супрацьстаяла спробам забудовы прылеглай тэрыторыі і дамагалася прызнання гэтага месца важнай часткай гістарычнай памяці беларусаў. Кляшторная памерла 3 жніўня 2026 года на 90-м годзе жыцця.

Значны ўнёсак у даследаванне лёсаў рэпрэсаваных зрабіў пісьменнік і гісторык Леанід Маракоў, пляменнік расстралянага ў 1937 годзе паэта Валерыя Маракова.

З 1990-х гадоў ён вывучаў архіўныя дакументы, аднаўляў біяграфіі знішчаных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі і публікаваў звесткі пра іх.

Вынікам шматгадовай працы сталі тры дзясяткі кніг, энцыклапедыя “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991”.

Яго даследаванні дазволілі вярнуць у гістарычны і культурны кантэкст імёны многіх людзей, чые лёсы дзесяцігоддзямі замоўчваліся. Маракоў памер 17 снежня 2016 году пасля цяжкай хваробы. Яму было 58 гадоў. Пра гэта з сумам паведаміла нават “Советская Белоруссия”.

Леанід Маракоў
Фота: svaboda.org

Як баранілі месца памяці — Курапаты

У 2001 годзе Курапаты сталі месцам аднаго з найбольш працяглых грамадзянскіх пратэстаў у гісторыі незалежнай Беларусі. Улады пачалі рэканструкцыю Мінскай кальцавой аўтадарогі, маршрут якой, паводле актывістаў, пагражаў частцы пахаванняў.

24 верасня 2001 году ўдзельнікі арганізацыі “Малады фронт” на чале з Паўлам Севярынцам арганізавалі кругласутачную вахту ў абарону ўрочышча.

Пратэст працягваўся 250 дзён — да 3 чэрвеня 2002 года. У выніку маршрут дарогі змянілі і праклалі ў абыход асноўнай часткі пахаванняў.

У наступныя гады крыжы заставаліся важным сімвалам народнага мемарыяла. Іх усталёўвалі падчас шэсцяў на Дзяды і іншых акцый памяці.

У 2011-2012 гадах новы канфлікт разгарнуўся вакол будаўніцтва каля ўрочышча комплекса “Бульбашъ-холл”.

Грамадскія актывісты заявілі, што аб’ект узводзіцца з парушэннямі ахоўнага рэжыму гісторыка-культурнай каштоўнасці.

У канцы 2012 года Міністэрства культуры паведаміла пра выяўленыя парушэнні, а будаўніцтва часткова спынілі.

У 2014 годзе межы ахоўнай зоны Курапатаў былі скарочаныя Курапатаў, пасля чаго будынкі комплексу апынуліся за яе межамі. Гэта выклікала новыя спрэчкі вакол абароны мемарыяла.

У 2017 годзе грамадскасць зноў выступіла супраць камерцыйнай забудовы каля мемарыяла. Калі побач з Курапатамі пачалося будаўніцтва бізнес-цэнтра, актывісты арганізавалі кругласутачную вахту і блакаду пляцоўкі. Пасля пратэстаў ад планаў адмовіліся.

У чэрвені 2018 года побач з Курапатамі адкрыўся рэстаран “Поедем-поедим”. Адлегласць ад рэстарана да афіцыйна вызначанай мяжы масавага пахавання складала каля 50 метраў.

Рэстаран "Поедем-поедим"
Фото: poedem-poedim.by

Адкрыццё выклікала пратэсты: актывісты называлі ўстанову “кабаком на костках”, патрабавалі закрыць або перанесці яе і заклікалі да байкоту.

Каля ўвахода ў рэстаран пачала рэгулярна дзяжурыць “Курапацкая варта”. Удзельнікі распавядалі наведнікам пра гісторыю ўрочышча і заклікалі іх не заходзіць ва ўстанову.

Некаторых удзельнікаў затрымлівалі і штрафавалі; сярод затрыманых быў Зміцер Дашкевіч. У ліпені 2018 года ён і іншыя актывісты ўсталявалі каля Курапатаў новыя крыжы.

У лістападзе таго ж года ў Курапатах таксама усталявалі дзяржаўны памятны знак ахвярам палітычных рэпрэсій. Ініцыятыву яго стварэння падтрымала Міністэрства культуры, якое правяло конкурс на лепшы праект.

Помнік зроблены ў выглядзе канструкцыі са звонам наверсе. На ім размясцілі надпісы, прысвечаныя памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.

Усталяванне афіцыйнага мемарыяла не спыніла канфліктаў вакол Курапатаў. У красавіку 2019 года ўлады пачалі дэмантаваць крыжы, што паставілі грамадскія актывісты. Тэрыторыю ачапілі, а частку людзей, якія пратэставалі супраць дэмантажу, затрымалі.

Гэтыя дзеянні выклікалі пратэсты і асуджэнне з боку праваабаронцаў і грамадскасці. Для абаронцаў мемарыяла крыжы былі не толькі знакамі памяці, але і вынікам шматгадовай грамадзянскай працы па захаванні Курапатаў.

Як сталі традыцыяй чытанні ў Курапатах

У 2017 годзе, пасля кампаніі супраць забудовы ахоўнай зоны Курапатаў, беларускія актывісты вырашылі сабрацца ва ўрочышчы ў ноч на 30 кастрычніка і ўшанаваць памяць расстраляных літаратараў — на 80-ю гадавіну трагедыі.

Ініцыятарам акцыі стаў Зміцер Дашкевіч. Тады у Курапатах сабралася каля 100 чалавек: удзельнікі чыталі вершы і ўспаміналі забітых. Невялікая імпрэза стала пачаткам традыцыі штогадовых чытанняў.

У 2018-м мерапрыемства правялі зноў. Да чытанняў вершаў і ўрыўкаў з твораў рэпрэсаваных літаратараў далучыліся пісьменнікі, музыкі і акторы. Удзельнікі таксама маліліся і чыталі імёны рэпрэсаваных.

У 2019 годзе на акцыю прыйшло ўжо некалькі соцень чалавек. Паводле праваабаронцаў, спачатку прысутнічала не менш за 120 чалавек, а пазней колькасць удзельнікаў дасягнула прыкладна 350. Людзі чыталі вершы, спявалі, выступалі і маліліся.

Дашкевіч падкрэсліваў, што акцыя задумвалася не як палітычны мітынг, а як ушанаванне памяці нявінна забітых.

У 2020 годзе акцыя ў Курапатах прайшла ўжо на фоне вострага палітычнага крызісу пасля прэзідэнцкіх выбараў і пачатку масавых рэпрэсій.

Чаму традыцыя пераехала за мяжу

Пасля разгрому пратэстаў арганізатары адмовіліся ад правядзення сустрэч у ранейшым фармаце, улічваючы рызыку пераследу. А потым шмат беларусаў апынулася ў замежжы — і ў 2021 годзе акцыі памяці прайшлі ў 38 гарадах.

Беларусы арганізоўвалі літаратурныя вечары, чытанні, канцэрты і анлайн-мерапрыемствы. Так традыцыя перастала залежаць ад магчымасці сабрацца ў адным месцы ў Беларусі.

У 2025 годзе памятныя мерапрыемствы праходзілі ў Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Латвіі, Літве, Польшчы, ЗША, Францыі, Швецыі і Эстоніі.

Сёлета беларускія супольнасці за мяжой зноў праводзяць літаратурныя вечары, лекцыі і чытанні твораў рэпрэсаваных аўтараў.

Хто ўшаноўвае памяць у Беларусі

Пасля спынення масавых акцый у Курапатах адной з нешматлікіх формаў публічнага ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій стала наведванне мемарыяла замежнымі дыпламатамі.

30 кастрычніка 2025 года ў Курапаты прыехалі прадстаўнікі дыпламатычных місій краін Еўрапейскага саюза і Вялікабрытаніі. Яны ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць забітых.

Гэта штогадовая традыцыя. Пры гэтым візіты дыпламатаў у Курапаты перыядычна суправаджаюцца правакацыямі з боку прапагандыстаў з дзяржаўных СМІ, якія ў агрэсіўнай форме ставяць ім пытанні.

Еўрапейскія дыпламаты ва ўрочышчы Курапаты 30 кастрычніка 2025 года
Фота: амбасада ФРГ у Беларусі
Падзяліцца: