Мінск 19:07

Лявончык: Пераслед тых, хто дапамагаў ByPol, паказвае, што арганізацыя — вялікі раздражняльнік

Фота: фэйсбук-старонка Аляксея Лявончыка

27 лютага ініцыятыва By_Help папярэдзіла грамадзян, што за рэгулярныя ахвяраванні фондам дапамогі можа пагражаць крымінальная справа аб “здрадзе дзяржаве”.

“Мы атрымліваем далейшыя паведамленні, што тым, хто данаціў байполу (аб’яднанне былых сілавікоў ByPol, летам 2023 года падзялілася на ByPol і BelPol. — “Позірк”.) або рэгулярна й шмат — іншым фондам дапамогі, цяпер пагражае не выплата адкупных у стакратным памеры, а адразу справа аб здрадзе рэжыму — гэта да пятнаццаці гадоў у турме”, — паведаміў By_Help.

Фонду вядома ўжо не пра адзін выпадак, “калі данацёру шыюць менавіта такі артыкул”. “Калі вы данацілі байполу — або шмат і рэгулярна іншым фондам дапамогі — адзіным спосабам забяспечыць сябе будзе выезд”, — прапанавала ініцыятыва.

By_Help нагадаў пра мінскага праграміста Аляксандра Зіязетдзінава, які атрымаў тры гады пазбаўлення волі за крыптавалютныя ахвяраванні і абмяняў “у якасці кампенсацыі” 31 біткойн, а грошы пералічыў на рахункі медычных устаноў. Агульная сума кампенсацыі магла перавысіць 800 тыс. долараў. Таксама паведамлялася, што айцішнік падаў хадайніцтва аб памілаванні і чакаў рашэння, але 29 лютага над ім пачнецца новы суд, яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У сувязі з апошнімі падзеямі “Позірк” звярнуўся па каментар да кіраўніка ініцыятывы BY_help Аляксея Лявончыка.

“Данаты на ByPol іх трыгераць”

— Якая ў вас ёсць інфармацыя наконт таго, што зараз адбываецца з тымі, хто данаціў?

— Можна з пэўнай перасцярогай сказаць пра тэндэнцыю: данаты на ByPol спрычыняюцца да спраў па артыкулах, якія цягнуць на тэрмін ад 7 да 15 гадоў. Я не ведаю, наколькі яна ўстойлівая, але мы ведаем некалькі такіх выпадкаў. Калі нехта данаціў ByPol альбо сістэмна — іншым фондам (то бок адзін данат на 20 долараў можа быць не такім небяспечным), ён можа трапіць пад той самы артыкул.

Данаты на ByPol іх трыгераць, таму яны спрабуюць выбіць грошы, а потым усё роўна пасадзяць чалавека. Ёсць інфармацыя, што супрацоўнікі КДБ патрабуюць ад тых, хто данаціў, грошы наяўнымі, а не праз перавод. Гэта не адбываецца сістэмна, але сустракаецца. Нават калі людзі “кампенсуюць” сваімі пераводамі праз банк, ніякай паперы аб тым, што пытанне вырашана, ім не даюць. Тым больш, гэта ж не прававое рашэнне нават у рамках беларускіх законаў, гэта проста водкуп.

У супрацоўнікаў КДБ ёсць два факты: першы — чалавек піша яўку [з пакаяннем], прызнаецца, другі — чалавек заплаціў. Атрымліваецца, прызнаў віну два разы. Пры гэтым КДБ не дае ніякіх гарантый. Мы ведаем, што людзей арыштоўвалі пасля водкупу, да іх прыходзілі другім разам, каб выцягнуць грошы. Гэта махлярства, і той факт, што нешта было заплачана, не дае нічога.

Што адбываецца: чалавек заплаціў у фонд 20 долараў, з яго выцягнулі 500 долараў “кампенсацыі”. Хутчэй за ўсё гэтая справа так і скончыцца, але, калі гэтага чалавека знойдуць яшчэ недзе на фотках, у яго будуць, у разуменні супрацоўнікаў КДБ, два злачынствы: удзел у дэманстрацыі і фінансаванне “экстрэмістаў”. І тут, хутчэй за ўсё, будзе крымінальная справа.

Калі чалавек данаціў сістэмна, потым напісаў яўку, выплаціў грошы і пайшоў дадому, да яго прыйдуць пазней. Яго забяруць, і хутчэй за ўсё ў турме яму будуць круціць рукі і казаць “прадай кватэру” ці нешта яшчэ, дай нам яшчэ грошай, і мы цябе адпусцім. Гэта машына для выцягвання грошай. І супрацоўніцтва з імі не працуе: можна прадаць усё, але яны ўсё роўна “ўпіляць” шмат год няволі, да таго ж чалавек застанецца без маёмасці.

“У таталітарнай сістэме непатрэбныя гэбісты ідуць пад нож”

— Калі да тых, хто данаціў, прыходзяць па другім коле, можна зрабіць выснову, што сістэме выгадна мець “армію спонсараў рэжыму”, якія будуць намагацца адкупіцца і застацца на свабодзе. Навошта тады кідаць патэнцыйных “спонсараў” за краты? Адтуль жа не заплаціш.

— “Закрываць” выгадна з пункту гледжання дэманстрацыі кіраўніцтву сваёй працы. Супрацоўнікі КДБ аказваюцца ў сітуацыі, калі павінны даказваць, што яны патрэбныя. У любой таталітарнай сістэме — а Беларусь набліжаецца да таталітарызму — непатрэбныя гэбісты ідуць пад нож, як мы ведаем са сталінскіх часоў.

Так, нядаўняя актыўнасць ДФР (Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. — “Позірк”.), які пачаў выцягваць грошы з прадпрыемстваў, скончылася тым, што на яго самога нацквалі КДБ. А потым нехта нацкуе на КДБ кагосьці яшчэ. Адбываецца “резня”, кожнае ведамства павінна даводзіць, што ў яго шмат працы і яно вельмі патрэбнае. Для гэтага праводзяцца арышты і іншае.

— Ці ёсць у вас новыя звесткі пра колькасць людзей, якім прызначаны штрафы ці якія крымінальна пераследуюцца за данаты?

— У нас ёсць тая ж лічба, якую агучвалі праваабаронцы “Вясны” (паводле іх звестак на 15 студзеня, вядома аб 58 асуджаных за данаты па арт. 3612 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці; да лета 2021 года — фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання), агулам іх асудзілі на 185 гадоў і тры месяцы пазбаўлення волі. — Позірк.). Я думаю, гэтых кейсаў з пасадкай за данаты разоў у пяць больш.

Мы ведаем як мінімум з дзясятак фактаў, калі людзей падводзілі за данаты пад артыкул “здрада дзяржаве” — гэта да 15 гадоў турмы. Не ва ўсіх выпадках мы ведаем, за што, але ў некалькіх прычынай былі менавіта вялікія данаты на ByPol.

Мяркую, гэта ўжо тэндэнцыя. КДБ узялося за тых, хто данаціў ByPol і не выехаў. Хутчэй за ўсё іх спачатку “выдаяць” на грошы, а потым пасадзяць. Гэта маё адчуванне тэнденцыі, і звычайна ў такіх пытаннях я маю рацыю.

“Караюць усіх за асацыяцыю з аб’яднаннем былых сілавікоў”

— Што рабіць людзям, якія ахвяравалі ByPol?

— Я не кажу людзям, што ім рабіць, я магу зрабіць сваю ранжыроўку. Калі гэта быў адзін данат у фонд салідарнасці BYSOL ці BY_help і чалавек не “засвяціўся” на дэманстрацыях — да вас могуць увогуле не дайсці ці прыдзецца заплаціць адзін раз. Хаця ніхто не гарантуе, што не прыйдуць з патрабаваннем заплаціць яшчэ. Але пакуль гэта працуе так. Калі ў вас былі рэгулярныя данаты — з вас спачатку “страсуць” грошы, а потым могуць пасадзіць “на суткі” і даць крыміналку. Калі ж у вас былі рэгулярныя данаты ByPol, вы можаце “ўехаць” за так званую здраду так званай дзяржаве.

Я кажу “можаце”, бо тут працуюць верагоднасці. Але чалавек, які аднойчы заданаціў і не засвяціўся на дэманстрацыі — гэта адно, а чалавек, які сістэмна данаціў ByPol і быў на дэманстрацыях, — зусім іншае.

Вайна супраць менавіта данатаў у ByPol — нейкі сігнал? Чаму такое асаблівае стаўленне?

— ByPol — гэта былыя сілавікі, “здраднікі”. Ім дагэтуль капітальна зліваюць інфармацыю. Гэта шыла ў адным месцы гэтай дзяржавы, бо Лукашэнка не любіць “здраднікаў”.

Мне падаецца, зараз караюць усіх за асацыяцыю з аб’яднаннем былых сілавікоў. Каб паказаць, што нельга супрацоўнічаць з былымі сілавікамі; калі вы будзеце з імі супрацоўнічаць, вы таксама станеце “здраднікамі” для нас. Лукашэнка вельмі пакрыўдзіўся на ByPol, на тых, хто з’ехаў.

Ёсць яшчэ момант. Я ведаю, які быў попыт на план “Перамога” (мабілізацыйны план “Перамога” па аднаўленні правапарадку ў Беларусі з’явіўся ў 2021 годзе з ініцыятывы ByPol. — Позірк”.), і магу сказаць так: калі тая колькасць людзей, якая зарэгістравалася ў плане “Перамога” параўнальная з колькасцю людзей у сілавых структурах, якія спачуваюць рэвалюцыі, у Лукашэнкі вялікія праблемы (у 2022 годзе прадстаўнік ByPol Аляксандр Азараў казаў, што ў плане прайші рэгістрацыю 200 тыс. чалавек. — Позірк”.). І ён гэта ведае.

У сілавых структурах вельмі шмат людзей, якія, можа, і не прарэвалюцыйныя, але хочуць, каб гэта скончылася і можна было працаваць хоць у нейкім прававым полі. Я не кажу пра 2-3 тыс. адбітых на галаву “губазікаў” і іншых асоб, якія здзяйснялі карныя аперацыі. Не кажу пра пракурораў і суддзяў, яны не пойдуць на вуліцы. Я пра тых, хто быў актыўным і з задавалненнем катаваў людзей. Ім ужо нічога не дапаможа, а вось запалохаць усіх астатніх, якія глядзяць на гэта вельмі коса, такім чынам можна. Таму я думаю, Лукашэнка запалохвае тым, што пераследуе ByPol і тых, хто яму данаціў, у першую чаргу сваіх сілавікоў.

Сістэме страшна, а на страху нічога не пабудуеш, ты можаш толькі рэплікаваць страх, а чым больш рэплікуецца страх, тым больш імавернасць, што ты недзе перабольшыш. Так, яны сжыраюць сябе. Іншае пытанне, колькі яны сябе будуць такім чынам жраць.

Калі раптам усё пасыпецца — яно пасыпецца вельмі хутка. Тое, што Лукашэнка так узяўся за тых, хто дапамагаў ByPol, паказвае, што арганізацыя былых сілавікоў — гэта вялікі раздражняльнік. Таму ёй трэба працягваць свою працу.

Падзяліцца: