Мінск 14:11

Беларуска-літоўская гісторыя. Пісьменнік Арлоў заклікае да паразумення

Фота: "Позірк"

Сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым 22 сакавіка ў Вільнюсе, прымеркаваная да 106-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, завяршылася на падвышаных танах.

На гэтым тыдні вядомы папулярызатар гісторыі адправіўся ў літаратурны тур “Насустрач Дню Волі” па краінах Балтыйскага рэгіёна. Серыю творчых вечароў 20 сакавіка адкрыла сустрэча ў Клайпедзе, на наступны дзень пісьменнік быў у Каўнасе. Пасля літоўскай сталіцы пісьменнік пераедзе ў Латвію — гутарка з ім у Рызе намечаная на 23 сакавіка. Падарожжа працягнецца ў Эстоніі (сустрэча ў Таліне адбудзецца 24 сакавіка) і завершыцца ў Фінляндыі (Хельсінкі, 25 сакавіка).

Літоўская частка тура не засталася без увагі змагароў з “літвінізмам”. Калі спрошчана, так у Літве называюць тэорыю, якая вылучае беларусаў у гістарычным пытанні фармавання Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), адсоўваючы літоўцаў на задні план.

ДДБ Літвы не знайшоў у краіне пагрозлівых арганізаваных груп "літвіністаў"

20 сакавіка, Позірк. У Літве "няма арганізаваных груп, якія прапагандуюць ідэалогію літвінізму", якія маглі б "уяўляць пагрозу незалежнасці, канстытуцыйнаму ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны", заяўляе Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) гэтай балтыйскай краіны. З адпаведнай заявай ДДБ выступіў у сувязі з “павелічэннем у …

Пра распаўсюджанасць гэтай ідэі сярод беларусаў, якія жывуць у Літве, апошнім часам кажуць і асобныя прадстаўнікі ўладаў. Беларускія дэмсілы заяўляюць, што пераважная большасць суайчыннікаў не чула пра “літвінізм”, а падаграваюць гэтую тэму спецслужбы рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, каб пасеяць варожасць паміж беларусамі і літоўцамі.

“Галоўным ідэолагам” гэтай з’явы ў літоўскай блогасферы ахрысцілі акурат Арлова. Сустрэча з пісьменнікам у Каўнасе, на якую зазірнулі змагары з “літвінізмам”, прайшла ў напружанай атмасферы. Праз пагрозы ў інтэрнэце творчы вечар ў Вільнюсе скасавалі, але ён усё ж прайшоў, няхай і на іншай пляцоўцы.

“Вільнюс можа быць і літоўскім, і беларускім, і яўрэйскім, і польскім”

Сустрэцца з літаратарам у шэлтары “Замак”, які належыць няўрадавай арганізацыі “Дапамога”, прыйшлі дзясяткі чалавек. Сярод іх былі як аматары творчасці Арлова, так і тыя, хто бачыць у ім непрыяцеля.

Пісьменнік пачаў сустрэчу са слоў падзякі Літве. Ён адзначыў, як важна літоўцам і беларусам усведамляць сваю агульную гісторыю перад абліччам расійскай пагрозы.

Усведамленне беларусамі і літоўцамі агульнай гісторыі — магутная зброя супраць "русского мира", лічыць пісьменнік Арлоў

22 сакавіка, Позірк. "Наша шматвяковая агульная гісторыя, літоўцаў і беларусаў, — еўрапейская гісторыя — гэта наш велізарны скарб", — заявіў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў 22 сакавіка ў Вільнюсе на творчай сустрэчы, прысвечанай 106-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. "Усведамленне гэтай гісторыі …

Пасля аповеду пра гісторыю БНР праз прызму ўласных твораў аўтар пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў. Кіраўніца “Дапамогі” Наталля Калегава заклікала залу прытрымлівацца тэматыкі выступу.

Малады чалавек, які не стаў прадстаўляцца (з далейшай гутаркі высветлілася, што яго клічуць Дамінікасам), па-літоўску пацікавіўся ў пісьменніка, “калі Вільнюс быў беларускім горадам”. На гэтае пытанне яго наштурхнула назва главы “1387. Вільня першая з беларускіх гарадоў атрымала магдэбургскае права” кнігі “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”.

Фото: "Позірк"

“Я, шчыра кажучы, не памятаю, хто гэта напісаў, — кніга пісалася ў суаўтарстве [з Генадзем Сагановічам], — сказаў пісьменнік. — Але меўся на ўвазе, безумоўна, горад Вялікага княства Літоўскага. Гэта агульны тады наш быў горад — беларускі і літоўскі, гэта агульнавядома, з гэтым згодныя і літоўскія гісторыкі”.

Дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага (Каўнас), дырэктар Інстытута ВКЛ Русціс Камунтавічус на просьбу Арлова падзяліцца сваім меркаваннем падкрэсліў, што “ўся гісторыя пішацца рэтраспектыўна”.

“Мы сёння кажам (і гэта было сказана ўжо на пачатку XX стагоддзя), што мы спадкаемцы Вялікага княства Літоўскага, — адзначыў гісторык. — Мы гэта самі сфармулявалі так <…> 16 лютага 1918 года. Чаму іншыя не могуць сказаць тое ж самае, маючы на ўвазе, што няма такой рэчы, як падзел мінулага? Мінулае можа быць агульным, толькі мы яго бачым з розных даляглядаў. Гэта значыць, што Вільнюс можа быць і літоўскім, і беларускім, і яўрэйскім, і польскім. Сёння Вільнюс — у літоўскай дзяржаве. І ні беларусы, ні іншыя нацыі не прэтэндуюць на Вільнюс. Але Вільнюс як беларускі горад <…> — можа быць такая фармулёўка. Але гэта не значыць, што беларусы пойдуць забіраць Вільнюс”.

Дамінікас з трактоўкай гісторыка не пагадзіўся. Ён эмацыйна заявіў, што Беларусі як дзяржавы ў той час не было, таму Вільнюс ніколі не быў беларускім горадам. Яго рэмарка прагучала па-літоўску, а просьба залы перакласці яе засталася без увагі.

“Ён сказаў, што я не маю рацыі. Усё. Гэта правакацыя — тое, што вы зараз робіце”, — адрэагаваў Камунтавічус на выказванне маладога чалавека.

Гісторык Русціс Камунтавічус (у цэнтры)
Фота: "Позірк"

Пасля гэтай пікіроўкі Арлоў падкрэсліў, што “ніколі не ставіў пад сумненне, чый горад Вільнюс”. Ён папрасіў не прыпісваць яму і суаўтару згаданай кнігі “тое, чаго няма”.

“Я пачаў нашую сустрэчу з падзякі Літве, таго, што мы маем агульную вялікую еўрапейскую гістарычную спадчыну. Давайце будзем шукаць паразумення і не казаць, што ўсё гэта толькі наша [з аднаго боку] ці толькі наша [з іншага]. Гэта агульнае, з гэтым складана спрачацца”, — заклікаў пісьменнік. У адказ на наступнае пытанне ён пералічыў дзеячаў БНР, чыё жыццё было звязана з Вільнюсам тагачасным.

“Агульная дзяржава і багацце, якім павінны ганарыцца”

Дзяўчына, якая дапамагала Дамінікасу з перакладам на рускую мову, спытала ў Арлова, кім былі “князі Гедымінас, Вітаўтас”. “Я ўсіх пытаюся, усіх беларусаў. Мы ж… агульная гісторыя. Мне цікава ваша меркаванне, да якога народа… Яны былі літоўскія ці русінскія?” — удакладніла яна.

“Гэтыя князі былі балтамі, безумоўна, паводле паходжання. Але яны былі манархамі той дзяржавы — агульнай для нашых продкаў, якая ўзнікла на памежжы балцкіх і славянскіх земляў”, — адказаў пісьменнік.

Князь Міндоўг (“балцкае імя, ніхто не кажа інакш”) “каранаваўся ў Навагрудку”, адзначыў Арлоў, падкрэсліўшы ў той жа час, што “гэта не факт”, аднак адной згадкі беларускага горада сталася дастаткова, каб выклікаць шум незадаволенасці сярод асобных літоўскіх слухачоў. Некаторыя літоўскія гісторыкі лічаць, што каранацыя адбылася ў Кярнаве, дадаў літаратар, добразычліва заклікаўшы дыскутаваць на гэты конт.

Блогер Жыльвінас Світоюс, які прыцягнуў увагу да тура, у выніку чаго вільнюская сустрэча ледзь не сарвалася, спытаў у Арлова па-ўкраінску, чаму той лічыць, што “Літву сучасную трэба аддзяліць ад Вялікага княства Літоўскага”. На рэмарку пісьменніка, што ён так не думае, блогер заявіў: “Вы так у кнігах пішаце, ёсць відэа, дзе спадар распавядае ў Эстоніі гэта”.

“Не, ні ў якім разе, — парыраваў Арлоў. — Я не ведаю, якія кнігі вы чыталі, але я пішу ў сваіх кнігах, <…> што Вялікае княства Літоўскае была дзяржава агульная для нашых продкаў — балтаў і славян. Былі два дзяржаваўтваральныя [элементы], тыя народы, якія стваралі гэтую дзяржаву. Нашыя продкі і вашыя — у нас агульная гісторыя, і я зусім не збіраюся аддзяляць гэта”.

Для паглыблення ў гэтую тэму ён парэкамендаваў звярнуцца да кнігі “Рэканструкцыя нацый: Польшча, Украіна, Беларусь, Літва” амерыканскага гісторыка Цімаці Снайдэра.

“Гэта агульная дзяржава для некалькіх народаў, агульная спадчына, і гэта нашае багацце, якім мы мусім ганарыцца. На тэрыторыі гэтай дзяржавы, якая некалі была ад мора да мора (900 тыс. кв. км у часы Вітаўта Вялікага), жылі не толькі балты. На гэтай тэрыторыі зараз утварылася некалькі дзяржаў, я зыходжу з гэтага”, — дадаў пісьменнік.

Світоюс таксама папрасіў Арлова выказацца наконт таго, што “некаторыя беларускія палітыкі называюць Літву Летувой”. На гэта літаратар заўважыў, што “самі літоўцы называюць Літву Летувой”.

“Нехта [з беларусаў] называе [Летувой], я называю Літвой. Як называюць літоўцы Беларусь? Не Беларуссю ж называеце, праўда. <…> Калі хто-небудзь называе Летувой, гэта страшная правіна?” — задаўся ён пытаннем. Ён зноў прымірэнча заклікаў ганарыцца агульным мінулым, аднак яго заклік патануў у гуле спрэчак.

Дзяўчына, якая раней дапамагала Дамінікасу з перакладам на рускую мову, згадала надпіс “Вільня наша”, які з’явіўся нядаўна на дарожным паказальніку на ўездзе ў літоўскую сталіцу.

Паліцыя Літвы пачала расследаванне праз надпіс "Вільня наша" на дарожным паказальніку

20 сакавіка, Позірк. Літоўская паліцыя пачала расследаванне па факце выяўлення на дарожным паказальніку ля ўезду ў Вільнюс "надпісаў на кірыліцы з выявай беларускага гістарычнага сцяга", паведаміў партал навінаў Delfi. Удакладняецца, што надпісы выяўленыя раніцай 20 сакавіка, паказальнік усталяваны на Мінскай …

Арлоў выказаў меркаванне, што за гэтым стаіць “ФСБ, КДБ ці яшчэ нехта”. “Ёсць сілы, якія хочуць нас пасварыць. Давайце ім не дадзім, давайце будзем разам супрацьстаяць “русскому миру” (“рускаму свету”. — “Позірк”.), яго агрэсіўнай ідэалогіі”, — заклікаў пісьменнік.

“Калі ў Еўропе ідзе вайна, кошт неабдуманага слова бывае вельмі высокім”

Яшчэ адзін слухач, які не прадставіўся, паспрабаваў дабіцца ад беларускага літаратара выбачэнняў за тое, што той некалі нібыта назваў літоўцаў “летувісамі”. “Мяне знаёмілі з гэтымі цытатамі, якія гуляюць у сацыяльных сетках. Я вам хачу сказаць (і спадар Камунтавічус пацвердзіць), што гэтыя цытаты вырваныя з кантэксту”, — сказаў Арлоў. Ён прапанаваў правесці сустрэчу з чытаннем спрэчных фрагментаў яго твораў з улікам кантэксту і падыскутаваць на іх конт.

На заканчэнне ўдзельнік сустрэчы па імені Гаральдас заклікаў беларускіх дзеячаў быць дакладнымі: “Мы маем грамадства, якое патрабуе адказаў потым ад беларусаў, што тут жывуць. І гэтыя беларусы пасля павінны прасіць прабачэння за ўсіх дурняў, якія дазваляюць сабе па-філасофску нейкія вольнасці”.

Пісьменнік заявіў, што “цалкам згодны” з ім. “У той сітуацыі, у якой мы апынуліся, калі ў Еўропе ідзе вайна, калі мяняецца цывілізацыйная парадыгма, кошт слова, сказанага неабдумана, бывае вельмі высокім. <…> Усіх, каго змагу, я буду да гэтага заклікаць, сам стараюся таксама. І спадзяюся, што і з літоўскага боку ўсе выказванні, усе словы ў дачыненні да беларусаў і Беларусі таксама будуць узважаныя, абгрунтаваныя, а не вырваныя аднекуль з кантэксту”, — выказаў спадзеў Арлоў.

Падзяліцца: