Мінск 07:04

Сяргей Бесараб: Камбінацыя радыяцыі і глупства прыводзіць да трагедыі

Сяргей Бесараб
Фота: асабісты архіў

Дзяржаўная палітыка ў дачыненні да забруджаных радыяцыяй тэрыторый, планы афіцыйнага Мінска на будаўніцтва другой АЭС, небяспека, якую нясе безадказнае стаўленне да радыяцыі, наступствы гаспадарчых і ваенных дзеянняў — напярэдадні 38-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС “Позірк” паразмаўляў з хімікам-радыёлагам Сяргеем Бесарабам.

Эксперт адразу канстатаваў адсутнасць добрага пула спецыялістаў па пытаннях радыяцыі і яе ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і чалавека, а таксама спарадычны інтарэс СМІ да чарнобыльскай праблематыкі, хаця сам суразмоўца, паводле яго слоў, актыўна пашырае інфармацыю пра узаемадзеянне радыяцыі і чалавека.

“Лукашэнка транслюе крынж, які яму перадаюць дылетанты”

— У чым згубнасць чарнобыльскай палітыкі беларускіх уладаў, ўлічваючы, што яны пастаянна кажуць пра неабходнасць адраджэння забруджаных тэрыторый і вяртання іх у сельскагаспадарчы абарот?

— Калі два гады таму Аляксандр Лукашэнка выступаў ў Чачэрску, ён сказаў: “Мы надавалі Чарнобылю па мардасам”. Пасля залез у верталёт і хуценька адтуль уцёк. З радыехімічнага пункту гледжання радыяцыя — вечная. Перыяд паўраспаду ўрана — мільярды гадоў. У параўнанні з гэтым чалавечае жыццё — мікрасекунда. А Лукашэнка гэтага не разумее і, мяркуючы па апошніх падзеях, атачыў сябе абсалютнымі дылетантамі. Яны, мабыць, кажуць: ну а што там гэтая радыяцыя! Столькі год прайшло, яна, мабыць, знікла ўжо! І вось ён транслюе роўна той крынж, які яму перадаюць дылетанты. У выніку такое стаўленне прывядзе да трагедыі.

Адносна гаспадарчай дзейнасці на забруджаных тэрыторыях — гэта проста велізарная праблема! У 1986 годзе ўся інтэлектуальная моц Акадэміі навук Беларускай ССР, якая на той час была важным элементам імперскай савецкай навукі, дзе было шмат навуковых школ, сканцэнтравалася на распрацоўцы мерапрыемстваў, якія дазволілі б пры рэгулярным карыстанні знізіць наступствы забруджвання. Там былі агратэхнічныя захады, дэзактывацыйныя, спецыяльныя ўгнаенні і зааінжынерныя мерапрыемствы. Гэта быў маштабны комплекс, які базаваўся на навуковым, прэцызійным падыходзе, асабліва ў параўнанні з сучасным узроўнем беларускай навукі.

Але гэты план выконваўся толькі першыя гады — у 1987-м і 1988-м, бо патрабаваў велізарных грошай, персаналу, і пасля распаду СССР мерапрыемствы сыйшлі на нішто. Я не чуў, каб гэта ўсё ажыццяўлялася, выкарыстоўваліся, напрыклад спецыяльныя ўгнаенні з цыялітамі. Не стала вялікай розніцы паміж агратэхнікай наймацней забруджанай Гомельскай і, напрыклад, радыялагічна найчысцейшай Віцебскай вобласці.

У выніку ложная бяспека дайшла да сваёй кульмінацыі: давайце “адкрываць” закансерваваныя глебы і ўводзіць іх у севаабарот.

Беларуская АЭС
Фота: "Позірк"

“Расія не пойдзе на будаўніцтва другой АЭС у Беларусі”

— А што наконт планаў будаўніцтва другой АЭС?

— Будаўніцтва яшчэ адной АЭС у Беларусі — папулізм, Расія на гэта не пойдзе. У “Расатаме” наконт гэтай заявы Лукашэнкі проста рассмяяліся. Маўляў, мы нічога не ведаем пра сны разуму гэтага дзівака. Будаваць другую АЭС — бессэнсоўна на 200%.

БелАЭС будавалася цалкам для продажу электраэнергіі за мяжу. У Расіі магутнасцяў атамнай энергетыкі дастаткова, ёй беларуская электрычнасць не патрэбная ў прынцыпе. Калі разглядзець будаўніцтва на мяжы з Украінай як пудзіла — акей, можна такое дапусціць. Але не на мяжы з Расіяй. Не хапае магчымасцяў і персаналу.

БелАЭС называюць “галоўным вырадкам “Расатаму”, бо аніводная атамная станцыя, якую будавала гэтая карпарацыя, не прастойвала столькі часу і не мае столькі недапрацовак. Прычына ў “беларускім элеменце”, а менавіта ў адсутнасці кампетэнтных кадраў. Пра гэта наўпрост неаднаразова заяўлялі “атамныя” чыноўнікі.

У краіне няма элементарнейшых кампетэнцый для атамнай сферы, не кажучы пра такую складаную тэхналогію, як будоўля АЭС.

Рускія ніколі не пойдуць на гэта, а больш няма каму будаваць Лукашэнку яшчэ адну станцыю.

— Насколькі вялікая праблема з абазнанымі кадрамі?

— У нас няма кампетентных спецыялістаў нават каб працаваць з ядзернымі адкідамі. 25 сакавіка на форуме “Атамэкспа” ў Сочы дырэктар дзяржпрадпрыемства “БелРАО” Дзмітрый Логвін заяўляў, што у Беларусі трэба ствараць адпаведную інфраструктуру па ізаляцыі і захоўванні ядзерных адкідаў і рыхтаваць штат кваліфікаваных спецыялістаў з дапамогай “Расатаму”, толькі каб бяспечна ўвесці ў эксплуатацыю і выкарыстоўваць пункт захавання ядзерных адкідаў на тэрыторыі Беларусі.

Тое, што адбываецца зараз вакол Лукашэнкі, — гэта заганная практыка, калі людзі атрымліваюць званні акадэмікаў не за дасягненні, а за выслугу і потым нясуць лютую бязглуздзіцу. Бо як разлічваецца кошт будаўніцтва і эксплуатацыі “АЭС здаровага чалавека”? 85% закладаецца на бяспеку, далейшую ўтылізацыю і працу з адкідамі. Таму яшчэ адна станцыя для Мінска — суцэльны крынж і пудзіла.

“У зоне гарыць усё, што можа гарэць”

— Як паўплывала ўварванне РФ на сітуацыю ў чарнобыльскай зоне? Паведамлялася, што там нават рыліся акопы і вяліся фартыфікацыйныя працы. І якая цяпер ступень небяспекі пажараў там?

— Пажары ўскосна звязаныя з асваеннем адчужаных чарнобыльскіх земляў у часы кіравання Лукашэнкі. Любая гаспадарчая дзейнасць на забруджаных тэрыторыях пераводзіць радыенукліды, якія былі хімічна зафіксаваныя у глебе, у мабільны стан. Паводле афіцыйнай статыстыкі, 70 тыс. домаўладальнікаў Гомельскай вобласці выкарыстоўваюць пячное атапленне. Яны паляць лес. А гэта адзін самых вялікіх канцэнтратараў радыенуклідаў.

Зона адчужэння
Фота: "Позірк"

У 1986 годзе асноўная доля забруджвання была знешняя, і яна фіксавалася простымі дазіметрычнымі прыладамі. У 2024 годзе большая частка забруджанасці схавана ў прадуктах, дрэвах, расліннасці, і яе можна дэтэктаваць толькі спектраметрычна, вымяраць аб’ёмную актыўнасць. Знешне гэта нармальныя прадукты. Калі людзі спальваюць лес, яны пераводзяць зафіксаваныя ў дрэве радыенукліды ў той актыўны стан, які быў у 1986 годзе.

Пажары яшчэ горш. У чарнобыльскай зоне гарыць усё, што можа гарэць. Натуральна, зафіксаваныя ў глебах радыенукліды, звязаныя з гумінавымі і фульвакіслотамі, аэразалююцца і становяцца радыеактыўнымі наначасцінамі, што неверагодна дрэнна.

Калі пачалося марадзёрства рускіх войскаў ва Украіне, тэлеграм-канал “МотолькоПомоги” паведамляў, што ў Гомельскай вобласці зафіксаванае перамяшчэнне аўтапалівачных вайсковых станцый АРС-14 для адмывання тэхнікі. То бок расіяне не зусім дурныя дзікуны, яны абмывалі машыны, якія выязджалі з забруджанай тэрыторыі. І абмывалі на тэрыторіі беларускіх гарадоў.

Зоны забруджання, дзе стаялі вайскоўцы і капалі, разбуралі глебу, падымалі пыл коламі і тракамі і пераводзілі радыенукліды з устойлівага стану ў мабільны, смяротна небяспечныя.

Часцінка альфа-выпраменьвальніка таго ж плутонію ці амерыцыю памерам 1 мкм стварае на кавалку тканіны лакальную дозу 50 тыс. рад (radiation absorbed dose) на гадзіну. Прытым што 100-працэнтны канцэрагенез узнікае, калі доза складае каля 20 тыс. рад на гадзіну. Апраменьванне ад такой часцінкі пылу (як яе называюць — PM2.5) перавышае ўсе магчымыя межы бяспекі ў два разы. Уявім, што згарае нейкая расліна, якая “нацягнула” іонаў плутонію. Попел і пыл лёгка ўздымаюцца ў паветра, яны вельмі устойлівыя да асядання і агрэгацыі, бо альфа-выпраменьвальнікі працуюць як антыстатык і атрымліваецца абсалютна стабільны аэразоль, які нясе туды, куды дзьме вецер.

Навукоўцы высветлілі, што пылавыя буры адказваюць за перанос і размеркаванне такіх ізатопаў, як цэзій, стронцый, амерыцый і плутоній. Максімальная колькасць бур была зафіксаваная на забруджаных тэрыторыях. Напрыклад, у раёне Жлобін-Мазыр-Гомель-Лельчыцы, дзе ўзровень забруджвання 1-5 кюры на квадратны кіламетр, узнікаюць буры малой магутнасці. Слаўгарад і Чачэрск, дзе 5-15 кюры, — сярэдняй. А ў Брагіне з яго 15-40 кюры на квадратны кіламетр буры маюць высокую магутнасць.

Прычым, паводле высноў навукоўцаў, буры перыядычна паўтараюцца менавіта ў вясенне-летні перыяд. Сезонны кірунак ветра гоніць іх ўглыб краіны, таму пажадана ў гэты час не займацца ніякай сельскагаспадарчай дзейнасцю. Не пажаданыя пажары, рух тэхнікі, будоўлі з красавіка па чэрвень. Пра гэта ведаюць, але ўсё адно ў той зоне пачынаюць будаўніцтва фартыфікацый, ажыццяўляюць сельскагаспадарчую дзейнасць, і гэта проста вар’яцтва. 

Чарнобыльская АЭС
Фота: "Позірк"

— Ядзерны шантаж з боку Расіі — гэта запужванне ці сур’ёзныя намеры?

— На пачатку 2022 года мала хто мог уявіць, што рускія нападуць на Украіну. Пасля гэтага я перастаў дзеянні улады РФ ацэньваць з пункту гледжання логікі. У параўнанні з наступствамі “бруднага” ядзернага выбуху тая ж тактычная ядзерная зброя (ТЯЗ) выглядае, ўмоўна кажучы, даволі “экалагічна”. У пераліку на 1 кілатону зараду больш за ўсё ўтвараецца ізатопаў з кароткімі тэрмінамі існавання: барый-140 (паўраспад 13 дзён), стронцый-89 (51 дзень), цырконій-95 (65). Ізатоп ёду-131 таксама ёсць, але яго знікаюча мала. Таму пры ўжыванні такой зброі ёд піць не трэба — галоўнае, перасядзець у нейкім сховішчы.  А вось Чарнобыль — найбуйнейшы і найяскравейшы прыклад “бруднай бомбы”, калі звычайнае ядзернае паліва раскідала выбухам. Трэба разумець, што адрозненне ад выкарыстання ТЯЗ вельмі істотнае.

“Брудная бомба” — гэта тактыка выпаленай зямлі, якую потым ніяк не выкарыстаеш. А рускім трэба экспансія і не патрэбная пустэча. З высокай верагоднасцю заявы і дзеянні, якія яны робяць наконт Запарожскай АЭС, — гэта проста шантаж. Насамрэч яны не будуць нешта рабіць, бо гэта шкодна і для вялізнай колькасці жаўнераў, а на тэрыторыі як рэсурсным патэнцыяле потым можна ставіць крыж. Але яны будуць працягваць палохаць, як і Лукашэнка, хаця ён сам не разумее, пра што кажа.

“Тыя, хто нешта будаваў на забруджаных тэрыторыях, фактычна смяротнікі”

— Што наконт узвядзення абарончых пабудоў у чарнобыльскай зоне і таго, што выкарыстання часткі запаведніка ў гэтых мэтах?

— Мяне здзіўляюць не фрыкі, якія пастанавілі гэта рабіць, а тыя, хто нешта будаваў на забруджаных тэрыторыях, бо яны фактычна смяротнікі. Калі маеш справу з радыяцыяй, галоўнае гэта асвета, адукацыя, каб людзі разумелі, чым гэта пагражае. У 1986 годзе ліквідатарам выдавалі звычайныя рэспіратары “Пялёстак”, але яны смяяліся, казалі, што гэта не дапаможа, і не апраналі іх увогуле, хаця акурат уран, плутоній і амерыцый лягчэй за ўсё трапляюць праз лёгкія, праз дыханне. Яны дабравольна робяць з сябе радыяцыйных пакутнікаў.

Але справа ў недастатковай адукацыі, і гэта агулам дзяржаўная палітыка. Бо калі вырашылі будаваць АЭС, дзяржава свядома перайшла ад радыефобіі да шапказакідальніцтва. Забыліся толькі, што Чарнобыль з’явіўся менавіта таму, што да радыяцыі ставіліся несур’ёзна. За 38 гадоў паверхневая радыяцыя пайшла ўглыб глебы, прадуктаў, расліннасці. То бок паверхневае, лёгка дэтэктуемае забруджанне саступіла месца ўнутранаму, высокай аб’ёмнай актыўнасці. Звычайны танны побытавы дазіметр тут ужо не паказвае нічога. І ў выпадку медыйна вядомых цэзію і стронцыю, і ў выпадку альфа-выпраменьвальнікаў накшталт плутонію і амерыцыю. І атрымоўваецца, што альфа-радыяцыя ў 20 разоў больш небяспечная. Тое, што ляціць і ўдыхаецца, нябачнае, а значыць, яго нібыта няма.

— Наколькі суадносіцца працэс ачышчэння тэрыторыі ад радыенуклідаў і ўвядзенне ў абарот тэрыторый, якія абвясцілі “чыстымі”?

— Міністэрства па надзвычайных сітуацыях 22 красавіка заявіла, што плошча забруджвання Беларусі цэзіем-137 у выніку радыеактыўнага распаду за той час, што прайшоў з моманту аварыі на ЧАЭС, зменшылася ў 1,8 раза і зараз складае 25,5 тыс. кв. км (12% тэррыторыі краіны).

Зона адчужэння
Фота: "Позірк"

Як гэта ацаніць? У цэзію-137 перыяд паўраспаду 30,17 года. Мінула 1,23 перыяду паўраспада. Ад усёй масы, што была выкінутая падчас выбуху, засталася прыкладна палова (43,53%), а радыеактыўнасць стала ў 2,35 раза меней. То бок на тэрыторыі, дзе цэзію было мала, яго актыўнасць знізілася. Можа, і сапраўды, калі ацэньваць па плошчах, будзе тое памяншэнне ў 1,8 раза. Лічбы больш-меньш суадносяцца і няма супярэчання. Але гэта нічога не азначае на справе, хаця б таму, што цэзій існаваць не перастаў, а проста сыйшоў у зямлю, стаў нябачны.

Тут варта прыгадаць выпадак у Баварыі, калі ў мясе дзікоў доўгі час знаходзілі перавышэнне цэзію-137 ў дзясяткі разоў. Навукоўцы ў 2023 годзе патлумачылі, што дзікі зімой рылі зямлю і з’ядалі так званы аленевы труфель. Ён рос на глыбіні 10-15 см, і так атрымалася, што ў Баварыі, за 1.700 км ад ЧАЭС, на глыбіні 10-15 см апынуўся слой з максімумам канцэнтрацыі чарнобыльскага цэзію-137. А ўявіце, што будзе ў 50 км ад ЧАЭС.

То бок прыкладна на тую ж глыбіню міграваў і беларускі цэзій, звязаўся с гумінавымі і фульвакіслотамі, неяк зафіксаваўся, і зараз нам кажуць: давайце мы яго раскапаем, падымем наверх і пасадзім расліны. Я б садзіў у турму гэтых людзей за такія прапановы. Але так атрымалася, што ў Беларусі зараз такія людзі сталі кіраўнікамі. Здаровага розуму тут нябачна, адсутнічае элементарнае разуменне працэсаў, якія прыводзяць да пераходу схаваных нуклідаў у актыўны стан.

“Рагачоўская згушчонка менш забруджаная”

— Што можна і ці варта ўвогуле рабіць на забруджаных тэрыторыях?

— Як бы ні прагнуў Лукашэнка, ён не пераверне фізічныя законы сусвету. Дакладна нельга займацца гаспадарчай дзейнасцю. Трэба чакаць, але Лукашэнка разумее, што час яго падціскае, і гоніць наперад, але радыяцыя ня любіць спешкі. Трэба пачакаць, закансерваваць землі, узяць распрацоўкі савецкіх часоў — выкарыстанне спецыяльных абсарбентаў, угнаенняў.

Адчыніць свету гэтыя тэрыторыі, папрасіць дапамогі, і сапраўды гэта стала б унікальнай беларускай навукова–турыстычнай адметнасцю.

Калі ажыццяўляць дзейнасць цяпер, то, верагодна, пачнецца міграцыя радыенуклідаў у прадукты жывёлагадоўлі, ужо нават не будзем казаць пра забруджанне паветра радыеактыўнымі аэразолямі, дым ад пажараў на радыеактыўных тэрыторыях. Нават не ведаю, што раіць людзям падчас пылавых бур — напэўна, толькі насіць супрацьаэразольныя рэспіратары ці пытацца ў бабуль, як шыць супрацьпылавыя маскі ПТМ-1 з савецкіх часоў. Бо колькасць пылавых бур на найбольш радыяцыйна забруджаным поўдні Беларусі павялічылася, і гэта вельмі дрэнны званочак. Стала суха, меліарацыя “дапамагла”, а значыць, радыяцыя будзе міграваць углыб краіны.

Зона адчужэння
Фота: "Позірк"

Што яшчэ яны могуць зрабіць? У 1986 годзе ў пастанове № 32 ад 22 жніўня Палітбюро ЦК КПСС даручыла ў мэтах зніжэння сумарнай радыяцыйнай нагрузкі на насельніцтва забруджанае радыенуклідамі мяса размешваць з чыстым 1 да 10 і прадаваць. Таксама зараз могуць паступіць з малаком, збожжам.

Колькі гадоў таму я вымяраў аб’ёмную радыеактыўнасць рагачоўскай і глыбоцкай згушчонкі. І там, і там паказнікі былі ніжэй за норму, але ў абсалютных лічбах рагачоўская выявілася нават менш забруджанай. Пасля ўвядзення забруджанных зямель у абарачэнне сітуацыя можа змяніцца.

У 2022 годзе Гомельскі абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведаміў, што у большасці раёнаў вобласці ў 10-15 разоў існуе перавышэнне па цэзію ў грыбах і ягадах. Так што камбінацыя радыяцыі і глупства ў выніку прыводзіць да трагедыі ў 100% выпадкаў.  

Падзяліцца: