Мінск 23:10

ЕАБР: У структуры ЗВР Беларусі вырасла значнасць расійскага рубля і юаня

Крыніца: pixabay.com

12 жніўня, Позірк. Міжнародныя рэзервовыя актывы (ЗВР) у замежнай валюце знізіліся ў Беларусі за ліпень усяго на 5,4 млн, нягледзячы на чысты продаж валюты на 147,8 млн долараў на ўнутраным рынку, адзначае ў штотыднёвым аглядзе Еўразійскі банк развіцця.

“Гэта можа сведчыць аб павышэнні значнасці іншых валют (у першую чаргу — расійскага рубля і кітайскага юаня) у фарміраванні актываў Нацыянальнага банка”, — мяркуюць экспэрты.

ЗВР на 1 жніўня склалі 8 млрд 532 млн долараў, павялічыўшыся за месяц на 173,5 млн (+2,08%).

Паводле звестак рэгулятара, аб’ём ЗВР у манетарным золаце вырас на 162,5 млн долараў (4 млрд 213,3 млн), кошт рэзерваў у спецыяльных правах запазычання (СДР) — на 16,5 млн (1 млрд 375,7 млн); актывы ў замежнай валюце сталі меншымі на 5,4 млн (2 млрд 942,9 млн).

Рэзервовая пазіцыя ў МВФ і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн адпаведна.

Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта планавых) параметраў развіцця краіны на 2024 год, міжнародныя рэзервовыя актывы на канец года павінны скласці не менш за 6 млрд долараў.

За сем месяцаў 2024 года насельніцтва Беларусі выступіла чыстым прадаўцом замежнай валюты. Фізічныя асобы набылі замежнай валюты на 6 млрд 365,1 млн долараў, прадалі — на 7 млрд 26,1 млн (адмоўнае сальда склала 661 млн).

Падзяліцца: