Мінск 07:59

Беларускі хаб “Новая зямля” ў Беластоку за тры дні сабраў 2,5 тыс. долараў на працяг дзейнасці

Фота: mostmedia.io

18 жніўня, Позірк. 9.800 злотых (каля 2,5 тыс. долараў) сабрана за тры дні на працяг дзейнасці ў Беластоку беларускага хаба “Новая зямля”, паведамляецца на старонцы праекта ў “Фэйсбуку”.

“Выказваем аграменную падзяку ўсім і кожнаму са 150 чалавек, хто данаціў, рэпосціў, даваў парады, дапамагаў як мог. Цяпер мы можам аплаціць арэнду за жнівень. Гэта зняло цяжар з нашых плячэй дзякуючы вашай падтрымцы і моцнаму жаданню захаваць беларускую пляцоўку”, — адзначыла кіраўніца хаба Надзея Салаўёва.

Паводле яе слоў, сабраных сродкаў дастаткова, каб 4.000 злотых накіраваць на “развіццё і дзейнасць хаба”.

Пра складаную фінансавую сітуацыю “Новая зямля” паведаміла 15 жніўня. У каментары парталу mostmedia.io Салаўёва заявіла, што арэнда памяшкання ў Беластоку абыходзіцца арганізацыі ў 6.500 злотых. У той жа дзень быў адкрыты збор ахвяраванняў.

Хаб “Новая зямля” адкрыты ў Беластоку 3 снежня 2022 года. Пляцоўка аб’яднала беларускіх эмігрантаў і прадстаўнікоў дыяспары. За мінулы час хабам арганізавана больш за 900 мерапрыемстваў: канцэртаў, кінапраглядаў, выстаў, лекцый і інш. Большасць з іх былі бясплатнымі для наведвальнікаў.

У хабе працуюць групы псіхалагічнай падтрымкі, клуб гістарычнай рэканструкцыі, мастацкая школа, дзіцячыя гурткі і іншыя клубы і студыі. Таксама створаныя бібліятэка і крама беларускіх кніг.

Падзяліцца: