Мінск 22:27

Анансаваны на 31 ліпеня візіт у Беларусь прэм’ера Дзяржсавета КНР адбудзецца на гэтым тыдні

Сцяг КНР
Фота: pixabay.com

19 жніўня, Позірк. Прэм’ер Дзяржсавета КНР Лі Цян наведае Расію і Беларусь з 20 па 23 жніўня, паведаміла 19 жніўня агенцтва “Сіньхуа” са спасылкай на інфармацыю афіцыйнага прадстаўніка МЗС КНР Мао Нін.

Як заявіла Мао Нін, Кітай і Беларусь “маюць адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, і ў апошнія гады дзякуючы намаганням і садзейнічанню кіраўнікоў дзвюх дзяржаў кітайска-беларускія адносіны захоўваюць добрую дынаміку развіцця”. Паводле яе слоў, абодва бакі ўмацавалі палітычны ўзаемадавер і дасягнулі плённых вынікаў у рамках ініцыятывы “Пояс і шлях”.

Падчас візіту ў Беларусь Лі Цян правядзе перамовы з беларускім калегам Раманам Галоўчанкам і “паглыблена абмяняецца з ім думкамі аб двухбаковых адносінах і супрацоўніцтве ў розных галінах”, цытуе Мао Нін “Сіньхуа”.

Першапачаткова візіт у Беларусь кіраўніка кітайскага ўрада быў запланаваны на 31 ліпеня, пра што заяўляў, у прыватнасці, пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

Падчас гэтай нарады Лукашэнка заявіў, што першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў даложыць аб выпрацоўцы перамоўнай пазіцыі ў развіццё яго (Лукашэнкі) дамоўленасцяў са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

22 ліпеня Рыжанкоў абмеркаваў з амбасадарам Кітая Се Сяаюнам падрыхтоўку маючых адбыцца сустрэч на высокім узроўні. Тады прэс-служба МЗС не прывяла падрабязнасцяў.

Сам Рыжанкоў наведаў Пекін 6-9 ліпеня і сустрэўся ў тым ліку са сваім кітайскім калегам Ван І, загадчыкам міжнароднага аддзела кіруючай Камуністычнай партыі Кітая Лю Цзяньчаа. З кіраўніком МЗС КНР беларускі чыноўнік абмеркаваў пытанні “двухбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння на міжнароднай арэне, глабальнай і рэгіянальнай бяспекі”, быў узгоднены “графік перспектыўных міждзяржаўных кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях”. На сустрэчы з прадстаўніком Кампартыі Рыжанкоў абмеркаваў пытанні бяспекі і канфлікты ў еўразійскім рэгіёне.

У сярэдзіне ліпеня кіраўнік МЗС у эфіры тэлеканала АНТ заявіў, што прадстаўнікі Беларусі падчас візіту перадалі кітайскаму боку шэраг дакументаў і “вельмі падрабязна патлумачылі прыроду рэчаў на мяжы” з Польшчай, што “было ўспрынята не проста з разуменнем, а было прынята”. Паводле сцвярджэння чыноўніка, “шантаж з нагоды транзіту кітайскіх тавараў” праз мяжу ў Варшавы “не атрымаўся ад слова зусім, як бы яны там ні фанабэрыліся”.

Прычына, па якой Рыжанкову прыйшлося ў Кітаі апраўдвацца за сітуацыю на беларуска-польскай мяжы, крыецца ў сутнасці перамоваў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў канцы чэрвеня ў Пекіне. Кіраўнік польскай дзяржавы паведаміў суразмоўцу, што “гібрыдная атака” з боку рэжыму Лукашэнкі — міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЕС — з’яўляецца перашкодай для рэалізацыі кітайскай ініцыятывы “Адзін пояс — адзін шлях”.

Падзяліцца: