Мінск 05:30

Мастак Кузьміч: Вярнуся ў Францыю і буду пісаць кнігу

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 22 жніўня 2024 года ў 08:58

Архіўнае фота: "Новы час"

21 жніўня, Позірк. Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч, які 21 жніўня выйшаў на волю з СІЗА ў прыгарадзе Парыжа, плануе і надалей жыць у Францыі і пісаць кнігу. Пра гэта ён паведаміў “Позірку”.

“Далейшыя планы: мне трэба з’ехаць з Францыі паводле рашэння суда. Але знаходжанне тут мне не забаронена: анулявалі пастанову пракурора, што мне два гады забаронена знаходзіцца ў Францыі і Еўрасаюзе. Бо ў мяне польская віза, мне трэба пакінуць Францыю. Але я магу зрабіць крок у Польшчу і адразу ж зваротны крок у Францыю і буду легальна тут знаходзіцца. Так што праз тыдзень я палячу ў Польшчу, а потым вярнуся назад”, — сказаў Кузьміч.

У Францыі мастак будзе пісаць кнігу пра тое, што з ім здарылася за апошні час.

“Калі я знаходзіўся ў дэпартацыйным цэнтры, я пачаў пісаць дзённік, які ў выніку перарос у кнігу пад працоўнай назвай “У магіле з Ван Гогам”. Гэтая кніга будзе звязаная з маёй апошняй акцыяй “Рэнесанс”. У ёй будуць нейкія адчуванні, успаміны, “бясцэнны” досвед, які я атрымаў у ізалятары, які горшы за турму, са слоў людзей, 90% якіх прыехалі туды з турмы, бо ў іх скончыліся дакументы. І яны кажуць, што ў турме нашмат лепш, а ў гэтым дэпартацыйным цэнтры поўная дзічына: няма чаго рабіць, усё гарлапаняць, як у звярынцы, размаўляць і знайсці сабе ціхі кут нельга”, — заявіў Кузьміч.

Ён падзякаваў журналістам, з дапамогай якіх выйшаў на волю, і адвакатам, якія абаранялі яго ў судзе.

“Мяне ў выніку выцягнулі адвакаты, паслугі якіх трэба аплачваць — было шэсць судоў. У мяне засталіся даўгі, таму цяпер я прашу дапамогі“, — паведаміў мастак.

У СІЗА ў Францыі Кузьміч правёў 20 дзён, два тыдні ён трымаў там галадоўку.

У канцы ліпеня акцыяніст быў затрыманы за перформанс, падчас якога ён раскопваў магілу нідэрландскага мастака Вінсента Ван Гога на муніцыпальных могілках у французскім горадзе Авэр-сюр-Уаз. Паводле рашэння суда Кузьміча адправілі ў СІЗА для замежнікаў на месяц.

2 жніўня суд Пантуаза (прыгарад Парыжа) пастанавіў дэпартаваць Кузьміча ў Беларусь. Таксама яго аштрафавалі на 3 тыс. еўра і прыгаварылі да месяца ўмоўнага зняволення.

7 жніўня суд вынес вердыкт пакінуць Кузьміча ў зняволенні яшчэ на 26 сутак. Мастак заявіў, што яго ўтрыманне пад вартай не абгрунтаванае, што ягоныя правы парушаюцца, і абвясціў (https://pozirk.online/ru/news/99575) галадоўку.

14 жніўня Мелунскі адміністрацыйны суд ануляваў рашэнне аб дэпартацыі Кузьміча ў Беларусь.

У лютым 2024 года ён быў эвакуіраваны з Беларусі фондам салідарнасці BySоl, пасля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са смерцю бабулі.

“Органы даведаліся, што я ў Беларусі, і завялі крымінальную справу за мой твор “Транзіт”. Абвясцілі ў вышук. За пару дзён да таго, як прыйшлі дадому са Следчага камітэта, я з’ехаў у вёску. Перад [парламенцкімі] выбарамі сітуацыя абвастрылася. Пайшоў па хатах участковы. Зразумеў, што прыйшоў час. Выехаць з першай спробы не атрымалася. Аказалася, што з Расіі выезд мне таксама забаронены. Але шчыліну я знайшоў. І цалкам легальна зваліў. Ужо ў трэці раз”, — пісаў тады Кузьміч у”Фэйсбуку”.

Мастак наведваў краіну і ў 2023 годзе, а ў кастрычніку таго ж года яго відэафільм “Іншапланецяне ў Беларусі. Транзіт, або Зад назад” прыцягнуў увагу беларускіх сілавікоў.

Аляксей Кузьміч — сын вядомага мастака, таксама Аляксея Кузьміча. Раней ладзіў правакацыйныя перформансы ў Беларусі.

Падзяліцца: