Мінск 14:36

Затрымана 11 удзельнікаў супольнасці “Руская праваслаўная царква — Царская Імперыя”

Скрыншот: МУС

22 жніўня, Позірк. Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС пры сілавой падтрымцы атрадаў спецпрызначэння ўнутраных войскаў і АМАП затрымалі ў розных рэгіёнах Беларусі 11 удзельнікаў супольнасці “Руская праваслаўная царква — Царская Імперыя”, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

У дачыненні да затрыманых Следчым камітэтам распачатыя крымінальныя справы за “стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім” (арт. 3611 КК).

Паводле звестак МУС, у Беларусі арганізацыя дзейнічала з траўня 2023 года, яна налічвае каля 50 прыхільнікаў.

“Усе яны адмовіліся ад дакументаў і каштоўнасцяў на карысць абшчыны, будучы ўпэўненымі, што гэта праваслаўная царква. У цяперашні час правяраецца інфармацыя аб здзяйсненні ашуканскіх дзеянняў у дачыненні да грамадзян і іх маёмасці, распальванні рэлігійнай варожасці, а таксама закліках да правядзення дэструктыўных акцый, экстрэмізму”, — гаворыцца ў паведамленні МУС.

Паводле звестак ведамства, заснавальнік арганізацыі — затрыманы ў Расіі двойчы судзімы ўраджэнец Казахстана, — пачынаў прасоўваць ідэі “гвалтоўнага звяржэння дзяржаўнай улады ў 2022 годзе ў Валгаградскай вобласці”.

Паступова, як сцвярджаецца, да яго далучыліся расіяне з іншых рэгіёнаў, а таксама грамадзяне шэрагу краін постсавецкай прасторы. Сяліліся гэтыя людзі “групамі ў глухіх вёсках”, “з выкарыстаннем сацыяльных сетак і ўлётак вербавалі ў свае шэрагі новых адэптаў”, адзначае МУС. Асноўным патрабаваннем для ўступлення ў арганізацыю з’яўлялася прынашэнне “клятвы вернасці да апошняй кроплі крыві імператару”.

МУС прызнала “экстрэмісцкім фарміраваннем” “секту “Руская праваслаўная царква — Царская Імперыя” 15 жніўня, але апублікавала гэтую інфармацыю толькі 20 жніўня.

Датычнымі да фарміравання названыя Дзмітрый Ярмак, Ганна Струкава, Галіна Фралова, Павел Левашук і Вольга Байкоўская.

У тлумачэнні адзначаецца, што “экстрэмісцкім фарміраваннем” прызнаная “секта, якая груба скажае веравучэнні і рэлігійныя практыкі праваслаўнай царквы, супрацьпастаўляе сябе іншым рэлігійным арганізацыям і грамадству ў цэлым, настройвае сваіх паслядоўнікаў супраць традыцыйных для Рэспублікі Беларусь канфесій, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена, у тым ліку з дапамогай створаных і кіраваных імі складовых частак інтэрнэт-рэсурсаў” (арфаграфія арыгінала захавана).

Падзяліцца: