Мінск 07:19

Пасля выкліку ў МЗС Казахстана беларускага амбасадара Рыжанкоў сустрэўся з прадстаўніком Астаны

Крыніца: pexels.com

24 жніўня, Позірк. Інфармацыяй пра “парадак беларуска-казахстанскіх адносін” абмяняліся міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў з паслом Казахстана Цімурам Жаксылыкавым на сустрэчы ў Мінску 23 жніўня.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, яны таксама абмеркавалі “стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва”.

21 жніўня да “неабходнасці аб’ектыўна ацэньваць пазіцыю Астаны адносна працэсаў, што адбываюцца” заклікаў беларускі бок намеснік прэм’ер-міністра — міністр замежных спраў Казахстана Мурат Нуртлеў.

Меркаванне ўладаў сваёй краіны ён данёс да пасла Беларусі Паўла Уцюпіна, які быў запрошаны ў МЗС стараны пасля абнародаванай напярэдадні поўнай версіі інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу “Расія”, дзе частка разваг была прысвечана Казахстану.

Паводле інфармацыі казахстанскага ведамства, былі абмеркаваны “актуальныя пытанні казахска-беларускага супрацоўніцтва як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках шматбаковых арганізацый”.

Міністр падкрэсліў, што Казахстан “праводзіць збалансаваную і мірную знешнюю палітыку ў адпаведнасці са Статутам ААН і асноватворнымі нормамі міжнароднага права”. Астана “цвёрда перакананая, што ўсе рознагалоссі паміж дзяржавамі павінны вырашацца палітыка-дыпламатычнымі сродкамі”.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” Лукашэнка заявіў: “Мы не пачынаем круціцца, як некаторыя нашы постсавецкія дзяржавы, ад Расіі хочуць чагосьці ўзяць, а ўзамен нічога не даць… Так справа не пойдзе, давайце будзем разам. Вось гэты час недалёка, калі прыйдзеце да той жа Расіі і будзеце прасіць падтрымкі і дапамогі. Прасіць няма ў каго. Вось у Казахстане нешта здарылася. Каго прасілі? Кітай, Індыю, Пакістан там побач – не. Вось Пуцін, Лукашэнка, дапамажыце. І мы перакінулі туды на працягу поўдня, нашы ўжо самалёты тамака прызямляліся, у Казахстане. Уціхамірылі. Я не ў папрок кажу. І гэта не аддаць пазыку, але трэба разумець, што складзецца сытуацыя, што вы потым прасіць нас будзеце, а не кагосьці, ніхто да вас на дапамогу не прыйдзе. Ну і потым мы стварылі эканамічную прастору, худа-бедна постсавецкую гэтую прастору. Але навошта яго губляць? Што, Казахстан ці Узбекістан са сваімі таварамі іх чакаюць недзе ў Амерыцы ці ў Еўрасаюзе? Ды не. Тое, чаго не хапае, можа, і купяць на 2 млн долараў, а астатняе самі ешце”.

Пасля Казахстана Лукашэнка адразу перайшоў да крытыкі Арменіі, што стала прычынай акцыі пратэсту ля будынка беларускай амбасады.

Падзяліцца: