Мінск 14:33

Найбольш складаная сітуацыя на заходнім флангу АДКБ, заяўляе начальнік Аб’яднанага штаба блока

Скрыншот: відэаматэрыял АДКБ

29 жніўня, Позірк. Ваенна-палітычная абстаноўка ва “ўсходнееўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі” характарызуецца як “найбольш складаная”, яна чыніць “істотны ўплыў на дзяржавы” АДКБ, заявіў на брыфінгу 29 жніўня начальнік Аб’яднанага штаба блока Андрэй Сердзюкоў.

Паводле яго слоў, “падвышэнню напружанасці спрыяе” таксама ўкраінскі наступ у Курскай вобласці Расіі, які военачальнік назваў “беспрэцэдэнтнай правакацыяй”.

“Пад маркай абароны ад так званай пагрозы з Усходу ў рэгіёне нарошчваюцца групоўкі кааліцыйных войскаў сіл НАТО ў непасрэднай блізкасці ля заходніх межаў арганізацыі. Працягваецца напампоўванне Украіны фінансамі і ўзбраеннем, а таксама мілітарызацыя Польшчы і краін Балтыі”, — сказаў Сердзюкоў.

Начальнік Аб’яднанага штаба блока лічыць, што “перыметр знешніх межаў АДКБ краінамі Захаду разглядаецца як плацдарм для мэтанакіраванага праецыравання канфліктнага патэнцыялу супраць Расіі і яе саюзнікаў”.

У цэлым, на яго думку, “геапалітычная абстаноўка працягне характарызавацца стратэгічнай нестабільнасцю ва ўмовах захавання вастрыні рэгіянальных канфліктаў”. Военачальнік сцвярджае, што “дзеянні Захаду будуць мець комплексны, правакацыйны характар, скіраваны на захаванне свайго дамінавання і стварэнне для гэтага новых ачагоў эскалацыі ў свеце”.

Сердзюкоў анансаваў правядзенне сёлета ўвосені трох асноўных сумесных мерапрыемстваў АДКБ. У першай палове верасня ў Кыргызстане пройдуць вучэнні з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ “Узаемадзеянне-2024”. На пачатку кастрычніка плануецца правесці ў Казахстане манеўры з міратворчымі сіламі блока “Непарушнае брацтва-2024”. У сярэдзіне кастрычніка ў Таджыкістане намечана правесці вучэнні “Рубеж-2024” з падраздзяленнямі Калектыўных сіл хуткага разгортвання цэнтральнаазіяцкага рэгіёну.

Спланаваныя мерапрыемствы, заявіў спікер, “нацэленыя на абарону на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў — членаў арганізацыі”, “цалкам адпавядаюць міжнародным нормам і не скіраваныя супраць іншых краін”. Назіраць за вучэннямі ў Кыргызстане, паводле яго слоў, запрошаныя прадстаўнікі трэціх краін: Алжыра, Егіпта, Індыі, Ірана, Кітая, Манголіі, Пакістана, Саудаўскай Аравіі, Узбекістана, а таксама сакратарыятаў ААН і ШАС, Выканкама і Антытэрарыстычнага цэнтра.

Да трох згаданых вучэнняў плануецца прыцягнуць больш за 5 тыс. чалавек і звыш 900 адзінак узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі.

Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы — ваенна-палітычны блок, мэтамі якога заяўленыя “ўмацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў”. У яго ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Улады Арменіі замарозілі ўдзел краіны ў АДКБ і загаварылі пра магчымы выхад з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку. Акрамя таго, армянскі прэм’ер-міністр Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ані які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка — праз заявы апошняга пра згаданы канфлікт на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым ў сярэдзіне траўня.

Падзяліцца: