Мінск 18:45

Тавараабарот Беларусі і Кітая за чатыры гады вырас у тры разы — Алейнік

Крыніца: pixabay.com

3 верасня, Позірк. “За апошнія чатыры гады” тавараабарот Беларусі і Кітая вырас у 2,8 раза, паведаміў старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, былы міністр замежных спраў Сяргей Алейнік 3 верасня дзяржСМІ па выніках сустрэчы ў верхняй палаце з паслом КНР Се Сяаюнам.

Летась тавараабарот склаў больш за 8 млрд долараў, сказаў ён.

“У нас вельмі дынамічна развіваецца гандаль, інвестыцыйнае супрацоўніцтва, тэхналагічная і прамысловая кааперацыя, узаемадзеянне ў гуманітарнай сферы, у сферы адукацыі, аховы здароўя, культуры. Практычна ўсе вобласці ахопленыя кантактамі і супрацоўніцтвам”, — дадаў экс-дыпламат.

Старшыня СР НС Наталля Качанава, як перадае прэс-служба верхняй палаты, на сустрэчы заявіла, што “палітыка Беларусі і Кітая абсалютна ідэнтычная”.

“Нашы народы ментальна падобныя”, — лічыць яна.

Качанава наведала Кітай у канцы траўня.

Пра тое, што Се Сяаюн завяршае місію, стала вядома 29 жніўня.

Дыпламат, якому зараз 60 гадоў, узначаліў амбасаду ў Мінску ў 2020 годзе.

Паводле звестак амбасады Беларусі ў Кітаі, у 2021 годзе ўзаемны тавараабарот дасягнуў на той момант гістарычнага максімуму, склаўшы 5,1 млрд долараў (імпарт — 4,2 млрд, экспарт — 900 млн).

У 2020 годзе двухбаковы гандаль склаўся на ўзроўні 4,6 млрд долараў (імпарт — 3,8 млрд, экспарт — 800 млн), у 2019-м — таксама 4,6 млрд (3,9 млрд і 700 млн адпаведна).

Пазнейшыя даныя засакрэчаныя.

Падзяліцца: