Мінск 00:23

Нямецкі дэпутат заклікаў дапусціць да Калеснікавай прадстаўнікоў Міжнароднага Чырвонага Крыжа, сям’ю і адваката

Архіўнае фота: каманда Віктара Бабарыкі

3 верасня, Позірк. Дапусціць да палітзняволенай Марыі Калеснікавай прадстаўнікоў Міжнароднага Чырвонага Крыжа, яе сям’ю і адваката заклікаў дэпутат нямецкага Бундэстага Томас Рахель (апазіцыйная фракцыя хрысціянскіх дэмакратаў).

Свой заклік парламентарый апублікаваў у “Х” (“Твітары”) “у рамках парламенцкай апекі” Калеснікавай. Паводле слоў Рахеля, стан палітзняволенай выклікае трывогу.

Дэпутата падтрымала нямецкае Міжнароднае таварыства правоў чалавека (вядзе дзейнасць з 1972 года). “Стан здароўя Марыі Калеснікавай выклікае заклапочанасць, ёй павінен быць неадкладна нададзены доступ да лекараў, сям’і і адваката. Яна важыць усяго 45 кг”, — адзначае арганізацыя.

Напярэдадні, 2 верасня, сястра Калеснікавай Таццяна Хоміч паведаміла, што тая пры росце 175 см важыць 45 кг, з прычыны хваробы яна “не можа есці многае з турэмнага меню” і “фактычна галадае”. Апошні ліст ад яе прыйшоў 15 лютага 2023 года, больш за 560 дзён Хоміч збірае інфармацыю пра сястру “па каліве — ад жанчын, якія сядзяць і выходзяць з калоніі”.

Яшчэ да паведамлення Хоміч дэпутат Рахель накіраваў запыт ва ўрад Германіі, у якім цікавіўся, ці высоўвалася патрабаванне вызваліць Калеснікаву ў рамках перамоваў з Расіяй аб абмене зняволенымі, і калі так, чаму вызваленне не адбылося, а калі не, то якія “канкрэтныя ініцыятывы” высоўвае ўрад для яе вызвалення. Статс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Зузанне Бауман у адказ паведаміла, што “вызваленне ўсіх палітвязняў у Беларусі — прыярытэт федэральнага ўрада”.

“Гэтае мэтапакладанне (вызваленне палітзняволеных. — “Позірк”.) зноў падкрэслівалася ў тым ліку ў заключэннях Савета ЕС па Беларусі ў лютым 2024 года”, — адзначыла прадстаўнік МЗС ФРГ.

Яна нагадала, што сёлета ў ліпені Германія з 37 партнёрамі перазапусцілі Венскі механізм у дачыненні да Беларусі ў сувязі са становішчам палітвязняў і ў яго рамках быў канкрэтна разгледжаны кейс Калеснікавай.

Урад ФРГ “пастаянна выступае за вызваленне палітзняволеных”, аднак “не выказваецца аб змесце даверных перамоваў”, паведаміла Бауман.

У 2021 годзе Томас Рахель збіраў подпісы да сваёй петыцыі за вызваленне Калеснікавай.

Асуджаная 6 верасня 2021 года на 11 гадоў пазбаўлення волі Калеснікава была спікерам і кіраўніком выбарчага штаба былога старшыні праўлення “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыка на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Пасля затрымання экс-банкіра далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц Аб’яднанага штаба нараўне з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валера Цапкалы. Была затрыманая 7 верасня 2020 года.

У лістападзе 2022 года Калеснікаву экстрана прааперавалі ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, куды яе даставілі ў цяжкім стане. У палітзняволенай дыягнаставалі перытаніт (запаленне брушыны), які стаў ускладненнем прабадной язвы.

Падзяліцца: