Мінск 02:18

Латушка: Мы ведаем, што заўсёды з Усходу на нас ішла навала

Скрыншот відэазапісу АПК

8 верасня, Позірк. “Мы ведаем, што заўсёды з Усходу на нас ішла навала. Навала, якая хацела знішчыць нашую нацыю, нашую дзяржаўнасць”, — заявіў намеснік страшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка 8 верасня на мітынгу да Дня беларускай вайсковай славы ў Варшаве.

На думку палітыка, “важна ўсвядоміць, што такое Масковія: якія планы яна мела 500 гадоў таму, якія планы яна мае сёння”.

Латушка выказаў надзею, што 8 верасня стане дзяржаўным святам. 

Ён прапанаваў пакланіцца ўсім беларускім дабраахвотнікам, якія загінулі ва Украіне: “Гэта іх свята. Гэта свята тых, хто сёння на лініі фронту змагаецца з рускім агрэсарам, якому дапамагае агрэсар Лукашэнка”.

Узгадваючы з’яўленне і знішчэнне ў беларускай паветранай прасторы расійскіх вайсковых БПЛА, палітык у чарговы раз заявіў, што такім чынам улады “разарвалі сацыяльную дамову з беларускім народам”, паколькі Аляксандр Лукашэнка “заўсёды казаў: “Я гарантую вам мірнае неба”.

“Гэты чалавек нічога не гарантуе і ніколі не будзе гарантаваць. Гэтая асоба з’яўляецца хаўруснікам Расійскай імперыі, [ён] аддаў, прадаў <…> інтарэсы незалежнай дзяржавы”, — лічыць кіраўнік НАУ.

Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы АПК Вадзім Кабанчук узяў удзел ва ўрачыстасцях да Дня вайсковай славы ў Кіеве, паведамляе прэс-служба кабінета.

“Зараз, як і 510 гадоў таму, на нас ідзе той жа вораг. І толькі аб’яднаннем перад абліччам агульнай пагрозы, толькі зладжаным узаемадзеяннем — а менавіта яго бліскуча праявіла войска ВКЛ у бітве пад Оршай — мы здолеем перамагчы”, — заявіў ён.

Цырымонія адбылася ля магілы князя Канстанціна Астрожскага ў Кіева-Пячэрскай лаўры. На ёй прысутнічалі беларускія добраахвотнікі з палка Каліноўскага, брыгада Астрожскага Узброеных сіл Украіны, амбасадар Украіны па асобых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.

Таксама АПК 8 верасня адзначыў сваім медалём “Гонар і годнасць” 10 былых беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне: Аляксандра Царука (пасмяротна), Сяргея Пальчэўскага, Аляксандра Наўковіча, Васіля Верамейчыка, Аляксандра Клачко.

Імёны яшчэ пяці узнагароджаных не называюцца “з прычын бяспекі”.

Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года — бітва падчас Маскоўска-літоўскай вайны (1512–1522 гг.) паміж войскамі ВКЛ і Вялікага княства Маскоўскага, у якой першыя пад кіраўніцтвам гетмана Астрожскага перамаглі, нягледзячы на ​​значную перавагу ворага ў колькасці.

Традыцыйна гэты дзень адзначаецца дэмсіламі як Дзень беларускай вайсковай славы.

Ціханоўская: ў Аршанскай бітве продкі спынілі захопніцкія амбіцыі Расіі, з якімі свет змагаецца сёння

8 верасня, Позірк. "У 1514 годзе ў Аршанскай бітве нашыя продкі здолелі на доўгі час спыніць тыя ж самыя захопніцкія амбіцыі Расійскай дзяржавы, з якімі сучасны свет змагаецца сёння", — гаворыцца ў віншаванні дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай з Днём беларускай …
Падзяліцца: