Мінск 06:14

У “спіс экстрэмістаў” дададзены яшчэ 21 чалавек, у тым ліку пяць палітвязняў

Ілюстрацыйнае фота: Ron Dyar / unsplash.com

9 верасня, Позірк. У пералік “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, 6 верасня дададзены яшчэ 21 чалавек. Цяпер у дакуменце, апублікаваным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, 4.396 пазіцый.

Усе ўнесеныя ў абноўлены спіс людзі асуджаныя паводле артыкулаў, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу, аднак толькі пяць з іх зараз праваабарончая супольнасць лічыць палітвязнямі. Гэта Артур Роліч (прыгавораны да 9 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 і 2 арт. 3612, ч. 1 і 2 арт. 2901 Крымінальнага кодэкса), Васіль Прохараў (11 гадоў, ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 3614, ч. 1 арт. 356), Павел Прохараў (8 гадоў, ч. 1 арт. 356), Ларыса Прохарава (8 гадоў, ч. 1 арт. 356) і Руслан Прахарэнка (10 гадоў, ч. 1 арт. 356).

Астатнія асобы, унесеныя ў пералік:

  • Аліна Галінская — ч. 1 арт. 130;
  • Галіна Лагацкая (былая палітзняволеная, адбывае абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ) — ч. 1 арт. 342;
  • Віталь Краўцоў — ч. 1 арт. 342;
  • Ігар Лысечка — ч. 1 арт. 342;
  • Руслан Праўда — ч. 1 арт. 342;
  • Вікторыя Кіш — ч. 1 арт. 342;
  • Аляксей Грэсь — ч. 1 арт. 342;
  • Дзмітрый Лях — ч. 1 арт. 342;
  • Ігар Чудзілоўскі — ч. 1 арт. 342;
  • Фёдар Аксененка — ч. 1 арт. 356;
  • Ілля Нарышкін — ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 3613, ч. 1 арт. 14 ч. 2 арт. 356;
  • Генадзь Капітанаў — ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 368, ч. 3 арт. 361, арт. 369;
  • Іна Пальцава — ч. 1 арт. 368;
  • Андрэй Субцельны — ч. 1 арт. 130, ч. 3 арт. 361;
  • Андрэй Стабулянец — ч. 3 арт. 3611;
  • Ігар Атрафіменка — ч. 1 арт. 368.

Фінансавыя аперацыі асоб, уключаных у “спіс экстрэмістаў”, кантралююцца “з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці”.

Даведка “Позірку”:

  • ч. 1 арт. 130 — наўмысныя дзеянні, скіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці;
  • ч. 1 арт. 2901 — перадача або збор сродкаў любым спосабам у мэтах выкарыстання ў тэрарыстычнай дзейнасці, матэрыяльнага забеспячэння або іншай падтрымкі <…> тэрарыстаў, тэрарыстычных груп і тэрарыстычных арганізацый, у тым ліку ў мэтах праезду да месца навучання для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці);
  • ч. 2 арт. 2901 — апісаныя вышэй дзеянні, здзейсненыя паўторна або арганізаванай групай, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо асобай, якая раней здзейсніла шэраг пэўных злачынстваў;
  • ч. 1 арт. 342 — арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства;
  • ч. 1 арт. 356 — выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам дзяржсакрэтаў Беларусі, а таксама звестак, якія складаюць дзяржсакрэты замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый, міждзяржаўных утварэнняў, перададзеных Беларусі на падставе міжнародных дагавораў або ў сувязі з яе ўдзелам у гэтых міжнародных арганізацыях, міждзяржаўных утварэннях, альбо шпіянаж, альбо пераход на бок ворага падчас вайны або ўзброенага канфлікту, альбо іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, скіраванай на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі, наўмысна здзейсненыя грамадзянінам Беларусі (здрада дзяржаве);
  • ч. 1 арт. 14 ч. 2 арт. 356 — замах на здраду дзяржаве, здзейснены службовай асобай, якая займае адказнае становішча, дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца;
  • ч. 3 арт. 361 — публічныя заклікі да захопу дзяржулады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Беларусі, здрады дзяржаве, здзяйснення акта тэрарызму ці дыверсіі, ажыццяўлення дзеянняў, скіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый); заклікі да замежнай дзяржавы, замежнай ці міжнароднай арганізацыі зрабіць дзеянні, скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, здзейсненыя праз СМІ, інтэрнэт або службовай асобай;
  • ч. 3 арт. 3611 — уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні);
  • ч. 1 арт. 3612 — перадача або збор грашовых сродкаў, каштоўных папер або іншай маёмасці, у тым ліку маёмасных правоў і выключных правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, любым спосабам для свядомага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці, дзейнасці, скіраванай на рэабілітацыю нацызму;
  • ч. 2 арт. 3612 — апісаныя вышэй дзеянні, здзейсненыя паўторна альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў;
  • ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 3613 — падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Беларусі або асобы без грамадзянства, якая пастаянна пражывае ў Беларусі, на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзел ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без паўнамоцтва дзяржавы;
  • ч. 1 арт. 3614 — вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а роўна іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • ч. 1 арт. 368 — публічная абраза прэзідэнта;
  • арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады або яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненая ў публічным выступе, друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, СМІ або інтэрнэце.
Падзяліцца: