Мінск 13:42

Польшча спыніла дзейнасць групы вымагальнікаў даных, у якой былі беларусы

Крыніца: pixabay.com

9 верасня, Позірк. У Польшчы спынена дзейнасць злачыннай групы з удзелам беларусаў, якая вымагала даныя, каб “выклікаць параліч у палітычнай, вайсковай і эканамічнай сферах дзяржавы”, паведамляе тэлеканал TVN24 са спасылкай на віцэ-прэм’ера — міністра лічбавых тэхналогій Кшыштафа Гаўкоўскага.

Паводле слоў чыноўніка, за дзеяннямі групы стаялі беларускія і расійскія службы, якія дамагаліся канкрэтнай мэты — “вымаганні інфармацыі, індывідуальнага і інстытуцыйнага шантажу”, “дэ-факта вядзення кібервайны”, заявіў міністр на прэс-канферэнцыі.

Гаўкоўскі адзначыў, што ўсё пачалося з Польскага антыдопінгавага агенцтва. “Гэта было часткай шырэйшай аператыўнай гульні службаў, якім было даручана на яго аснове распрацаваць вектары пранікнення ў іншыя польскія ўстановы. І на ўзроўні мясцовых органаў улады, і на ўзроўні дзяржаўных кампаній, якія звязаныя са сферай бяспекі”, — заявіў ён. Чыноўнік не ўдакладніў, пра якія ўстановы гаворка, але адзначыў, што яны ў курсе таго, што адбылося.

За першае паўгоддзе 2024 года, паведаміў міністр, было зарэгістравана больш за 400.000 інцыдэнтаў, звязаных з кібербяспекай.

Міністр унутраных спраў і каардынатар спецслужбаў Томаш Сямоняк запэўніў, што ўрад “робіць высновы з усіх пагроз і падобных сітуацый”.

Гэта не першы выпадак, калі Польшча абвінавачвае грамадзян Беларусі ў дзейнасці, скіраванай супраць бяспекі дзяржавы.

5 жніўня Мазавецкае аддзяленне Нацыянальнай пракуратуры перадало ў Акруговы суд Варшавы справу грамадзянкі Беларусі Дар’і А., якая абвінавачваецца ў шпіянажы (арт. 130 КК Польшчы). Паводле звестак СМІ, гаворка ідзе пра былую апазіцыйную актывістку з Баранавічаў (Брэсцкая вобласць) Дар’ю Астапенка.

У красавіку суд Познані прызнаў 51-гадовага грамадзяніна Беларусі вайскоўца ў адстаўцы Андрэя Р. вінаватым у шпіянажы на карысць Мінска і прыгаварыў да 3 гадоў пазбаўлення волі.

2 лютага Беластоцкі акруговы суд прыгаварыў расіяніна і беларуса да 4 гадоў зняволення за шпіянаж на карысць РФ.

19 снежня 2023 года Люблінскі акруговы суд вынес прыгавор 14 замежнікам, абвінавачаным у шпіянажы на карысць РФ. Сярод іх было трое грамадзян Беларусі. Арцём А. атрымаў самы працяглы тэрмін — 6 гадоў пазбаўлення волі, абвінавачаная Марыя М. — 1 год і 1 месяц зняволення.

17 чэрвеня стала вядома, што трое з асуджаных зніклі з поля зроку ўладаў пасля выхаду з-пад папярэдняга арышту, сярод іх беларуска. Яе суд абвінаваціў у тым, што яна дазволіла выкарыстоўваць свой банкаўскі рахунак для пералічэння грошай за выкананыя “заданні”, а таксама дапамагала расклейваць антыўкраінскія ўлёткі. Да арышту яна навучалася ў Варшаве. 20 чэрвеня жанчыну затрымалі.

У 2022 годзе польскія службы затрымалі 20 чалавек, якія падазраюцца ў супрацы з расійскай або беларускай выведкай.

Падзяліцца: