Мінск 15:58

Нападнікі на беларускі прыход у Вільнюсе замахнуліся на асновы чалавечнасці — святар Аляксандр Кухта

Фота: "Позірк"

10 верасня, Позірк. Нападнікі на беларускі прыход Канстантынопальскай праваслаўнай царквы ў Вільнюсе “замахнуліся на асновы чалавечнасці”, такое меркаванне выказаў святар Аляксандр Кухта 10 верасня падчас візіту дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, якая завітала, каб падтрымаць рэлігійную супольнасць.

Паводле слоў святара, пакінутая куляй пнеўматычнай зброі ў ноч на 4 верасня дзірка ў шыбе “вельмі маленькая”, “ніхто ад гэтага не пацярпеў”, але яна надзвычай сімвалічная.

Айцец Аляксандр нагадаў, што “пасля жахаў Першай і Другой сусветных войнаў” людзі зразумелі, што не перажывуць трэці вялікі канфлікт, таму прынялі пэўныя правілы вядзення вайны.

“Так з’явілія тыя самыя Жэнеўскія канвенцыі і іншыя міжнародныя дакументы, — сказаў ён. — Паводле гэтых дакументаў, нельга страляць па дзіцячых дамах, бяззбройных, трэба клапаціцца пра параненых, нават калі гэта салдаты варожай арміі. У гэтых дакументах сказана, што святары не могуць быць мішэнню для баявых дзеянняў, маюць права падчас вайны быць на фронце, выконваць свае святарскія абавязкі; ні ў якім выпадку цэрквы, храмы не могуць быць мішэнню для любых атак”.

Людзі, якія напалі на беларускі прыход (“пакуль мы не ведаем, хто гэта, але маем галоўнага падазраванага — беларускі КДБ”), падкрэсліў ён, “парушылі правілы вядзення вайны — паднялі руку на храм”.

“Напэўна, яны хацелі паказаць: “Глядзіце, мы такія крутыя, мы можам усё, нават храм атакаваць, нам за гэта нічога не будзе”, — выказаў здагадку святар. — Але на самой справе гэтыя людзі замахнуліся на асновы нашай цывілізацыі, нашай чалавечнасці, якую мы выпакутавалі жахамі войн. Таму калі іх імёны будуць вядомыя (спадзяюся, у хуткім часе), трэба каб усе ведалі, што вось гэтыя людзі не проста хуліганы, якія нешта зрабілі, побач праходзіўшы, а людзі, якія замахваюцца на нашу чалавечнасць, хочуць нас завесці назад у жахі пачатку XX стагоддзя”.

Ціханоўская адзначыла, што нагода для яе візіту “не вельмі добрая”, але, на яе думку, “такія рэчы нават больш аб’ядноўваюць, больш заклікаюць да салідарнасці”.

Святар Аляксандр Кухта і Святлана Ціханоўская
Фота: "Позірк"

“Думаю, можа, нават больш людзей [будзе] прыходзіць сюды, каб паглядзець на гэты акт вандалізму, заадно паглядзець, як выглядае ваша царква, — сказала палітык. — Мы ўсе разумеем, чаму гэта робіцца, хто гэта робіць, але, упэўненая, што такія рэчы не дадуць разбурыць сувязь паміж літоўцамі і беларусамі, паміж [самімі] беларусамі ўвогуле”.

У размове з амбасадарам па асаблівых даручэннях МЗС Літвы ў дачыненні да Беларусі Астай Андрыяўскене ды іншымі дыпламатамі, якія таксама прыйшлі, каб патрымаць беларускі праваслаўны прыход, Ціханоўская адзначыла, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “не падчас вайны, але ў мірны час” выкарыстоўвае такія метады, каб “застрашыць беларусаў, нанесці ўдар па сяброўстве беларусаў і літоўцаў”.

“Але, вядома, мы ўпэўненыя ў вашай салідарнасці, трывалай падтрымцы беларускай барацьбы за дэмакратыю і незалежнасць. Мы ўдзячныя за гэта”, — сказала яна суразмоўцам.

Напад на прыход адбыўся ў тую ж ноч, калі невядомыя разбілі шыбы ў вільнюскім Цэнтры беларускай культуры і супольнасці, і за суткі да таго, як ля шэлтару “Замак” арганізацыі “Дапамога” з’явіўся антыбеларускі надпіс. Месяцам раней невядомы разбіў шыбы і пакінуў ксенафобскі надпіс на сцяне будынка, дзе месціцца беларуская крама і творчая прастора “Кропка”.

Айцец Аляксандр паведаміў “Позірку”, што паліцыя выняла кулю, якая была побач з прабітай шыбай. Пасля гэтага са святарамі праваахоўнікі не звязваліся. “Зразумела, што мы маем стасункі з іншымі пацярпелымі. Думаем, што сітуацыя з нападамі на беларусаў усіх у Вільнюсе дастала, гэтаксама як і літоўскую паліцыю. Маецца адчуванне, што наш выпадак далучаны да тэчкі з іншымі выпадкамі, і ўсё гэта разам будзе рухацца”, — сказаў ён.

Падзяліцца: