Мінск 18:28

Ціханоўская: Дзейнасць кібергрупы ў Польшчы — прыклад таго, як дыктатура Лукашэнкі ставіць пад пагрозу Еўропу

Крыніца: pixabay.com

10 верасня, Позірк. Арганізаваная рэжымамі Беларусі і РФ з мэтай шантажу і крадзяжу дадзеных кібергрупа — “яшчэ адзін прыклад таго, як дыктатура Лукашэнкі ставіць пад пагрозу Еўропу”, напісала дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская ў сацсетцы “Х”

“Гэтыя пагрозы будуць захоўвацца да таго часу, пакуль гэты дыктатар застаецца ва ўладзе”, – падкрэсліла палітык.

9 верасня віцэ-прэм’ер — міністр лічбавых тэхналогій Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў, што ў Польшчы спынена дзейнасць злачыннай групы з удзелам беларусаў, якая вымагала звесткі, каб “выклікаць параліч у палітычнай, ваеннай і эканамічнай сферах дзяржавы”.

Па словах чыноўніка, за дзеяннямі групы стаялі беларускія і расійскія службы, якія дамагаліся канкрэтнай мэты — “вымаганні інфармацыі, індывідуальнага і інстытуцыйнага шантажу”, “дэ-факта вядзення кібервайны”, заявіў міністр на прэс-канферэнцыі.

За першае паўгоддзе 2024 года, паведаміў міністр, было зарэгістравана больш за 400.000 інцыдэнтаў, звязаных з кібербяспекай.

Адной з ахвяр кібер- і інфармацыйных атак з боку злачыннай групы стала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ), паведаміла прэс-служба арганізацыі.

Адзначаецца, што 26 ліпеня, пасля таго як кіраўнік НАУ Павел Латушка даў паказанні ў якасці пацярпелага ў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы па крымінальнай справе “аб падбухторванні ўстаноўленай асобы да забойства, якое ажыццяўлялася асобай, якая мае дачыненне да дзейнасці замежнай разведкі”, некалькім прадстаўнікам арганізацыі “патэлефанаваў чалавек , які назваўся супрацоўнікам Нацыянальнай пракуратуры Польшчы”.

“Тэлефанаваў гаварыў па-польску, але з усходнееўрапейскім акцэнтам”, — гаворыцца ў рэлізе.

Пасля “было ўстаноўлена, што сярод супрацоўнікаў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы такога супрацоўніка не значыцца і ніхто з работнікаў пракуратуры не ажыццяўляў званкоў супрацоўнікам НАУ”.

Пры гэтым, як адзначаюць у арганізацыі, званкі былі ажыццёўлены з нумара аднаго з дэпартаментаў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы, што дазваляе меркаваць, што “нехта са спецслужбаў Беларусі або Расіі змог падключыцца да тэлефоннага нумара пракуратуры”.

Аб сітуацыі каманда НАУ праінфармавала Нацыянальную пракуратуру Польшчы.

Латушка заявіў, што “дыверсанты спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі і Расіі, якія ажыццяўляюць кібератакі на Польшчу, аб нейтралізацыі якіх сёння аб’яўлена, дзейнічаюць па палітычнай замове дыктатара Лукашэнкі”.

Падзяліцца: