Мінск 21:11

На вучэннях у Століне МУС адпрацавала гарадскі бой з “дыверсійнымі групамі”

Падчас вучэнняў
Фота: МУС

11 верасня, Позірк. Тыя, хто паспрабуюць падняць руку на грамадзян Беларусі, “будуць неадкладна знішчаныя”, заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, падводзячы вынікі вучэнняў у Століне (Брэсцкая вобласць).

Паводле слоў Кубракова, якія прыводзіць прэс-служба яго ведамства, план мерапрыемстваў быў складзены з улікам сітуацыі ў Курскай вобласці Расіі; падрыхтаваны асабовы склад, спецтэхніка, праведзена работа з насельніцтвам.

“Байцы адпрацавалі дзеянні па барацьбе з дыверсійнымі групамі ў некалькіх лакацыях: не толькі на подступах да горада, але і ў яго рысе. Апошні сцэнар, падкрэслю, разглядаем як крайні выпадак. Галоўнае для нас — забяспечыць бяспеку насельніцтва, не дапусціўшы прарыву баевікоў у населеныя пункты. Яны павінны быць знішчаныя яшчэ на падыходах!” — заявіў Кубракоў.

Супрацоўнікі сілавых ведамстваў, паводле слоў міністра, прадэманстравалі, што “гатовыя супрацьстаяць такім пагрозам і абараніць суайчыннікаў”. Падобныя заняткі будуць праводзіцца і надалей.

Паводле сцвярджэння Кубракова, грамадзяне “з разуменнем паставіліся да мерапрыемства, падыходзілі да супрацоўнікаў, каб выказаць падзяку”.

“Жыхары прымежнага рэгіёна ведаюць, што адбываецца ў суседняй краіне. Яны бачаць: улада ў нас моцная, праваахоўнікі могуць абараніць межы. Мы не дапусцім хаосу, не дапусцім нападу на нашу краіну”, — сказаў міліцэйскі чыноўнік, унесены ў санкцыйныя спісы дэмакратычных краін.

Кіраўнік Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко пасля заканчэння вучэнняў заявіў, што восем раёнаў вобласці з’яўляюцца прыгранічнымі і ўлада павінна гарантаваць бяспеку мясцовых жыхароў, бесперабойную работу прадпрыемстваў.

“Сёння адпрацавалі алгарытм дзеянняў праваахоўнікаў і прадстаўнікоў выканаўчай улады ў выпадку спробы пранікнення дыверсійных фармаванняў. Усё гэта для таго, каб грамадзяне адчувалі сябе ў бяспецы і разумелі: сілавыя структуры могуць адбіць любы ўдар!” — заявіў Крупко.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык лічыць, што праваахоўнікі “прадэманстравалі высокі ўзровень прафесіяналізму, уменне дзейнічаць на апярэджанне”.

“Важна падрыхтаваць насельніцтва да магчымага ўварвання ўзброеных груп з тэрыторыі сумежных дзяржаў, адпрацаваўшы механізмы каардынацыі ўсіх службаў. Нашыя людзі павінны ўбачыць: Беларусь не збіраецца ні на каго нападаць, але заўсёды гатовая даць адпор агрэсарам”, — заявіў Пархомчык, паўтарыўшы вядомыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі, які адкрыта падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну, але пазіцыянуе сябе як міратворцу.

11 верасня ў Століне пад кіраўніцтвам Кубракова прайшлі інструктарска-метадычныя заняткі па “спыненні дзейнасці незаконных узброеных фарміраванняў”, да якіх ускосна была прылічана ўкраінская армія.

8 верасня дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў у эфіры тэлеканала АНТ, што апошнія два гады на тэрыторыі Украіны побач з беларускай мяжой знаходзіцца 14-тысячная групоўка вайскоўцаў. Рашэнне аб узмацненні паўднёвага аперацыйнага напрамку ён назваў “абсалютна апраўданым”.

“Усе выказванні з боку і Захаду, і з боку Украіны, што мы стварылі там нейкія групоўкі, каб пачаць наступ на поўдні на тэрыторыю Украіны, могуць выклікаць толькі лёгкую ўсмешку”, — лічыць ён.

Паводле сцвярджэння Вальфовіча, беларуская групоўка паблізу мяжы з Украінай складае “чатыры з невялікім тысячы вайскоўцаў”.

Беларусь, паводле яго слоў, ніколі не выказвала нейкіх папрокаў, пагроз, прэтэнзій ні тэрытарыяльных, ні нейкага іншага характару ў адносінах да Украіны: “Мы заўсёды жылі ў міры, сяброўстве і згодзе”.

Звесткі Вальфовіча аб колькасці ўкраінскіх войскаў каля беларускай мяжы істотна — у 8,5 раза — адрозніваюцца ад лічбы, якую прывёў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” 15 жніўня (120 тыс.).

Столін размешчаны за 15 км ад беларуска-ўкраінскай мяжы.

Падзяліцца: