Мінск 08:44

Лукашэнка абавязаў знешнюю разведку змагацца з “тэрарыстычнымі і экстрэмісцкімі арганізацыямі” і “індывідуальнымі асобамі”

Скрыншот відэа: Delfi

5 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада падпісаў указ, які пашырае паўнамоцтвы знешняй разведкі. 4 лістапада дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з указам, да асноўных задач знешняй разведкі дададзеная “рэалізацыя папераджальных мер па недапушчэнні шкоды нацыянальным інтарэсам і бяспецы Рэспублікі Беларусь з боку спецыяльных службаў і арганізацый замежных дзяржаў, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый, арганізаваных злачынных груп і індывідуальных асоб”.

Галоўнай мэтай знешняй разведкі ў дакуменце названа “выключэнне раптоўнасці ўзнікнення за межамі Рэспублікі Беларусь пагроз нацыянальнай бяспецы і своечасовае забеспячэнне кіраўніцтва краіны неабходнай інфармацыяй для прыняцця адпаведных рашэнняў”.

Знешняя разведка вызначана ў пастанове як “асаблівы від дзейнасці”, накіраваны на абарону нацыянальных інтарэсаў і які прадугледжвае “здабыванне, выкарыстанне разведвальнай інфармацыі”, а таксама садзейнічанне дзяржорганам і арганізацыям у “рэалізацыі мер у галіне палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця” Беларусі.

“У межах сваіх паўнамоцтваў” функцыі знешняй разведкі выконваюць “непасрэдна разведвальныя службы”, органы дзяржбяспекі, Узброеныя сілы, памежная служба, гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што для вырашэння пастаўленых задач дапушчальна сярод іншага “стварэнне легендаваных арганізацый альбо іх падраздзяленняў, аператыўных улікаў, даведачных, інфармацыйных сістэм і электронных інфармацыйных рэсурсаў, неабходных для функцыянавання разведвальных службаў”.

Указ набыў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, пераследуючы апанентаў, улады Беларусі надзялілі “экстрэмісцкім” і “тэрарыстычным” статусамі мноства дзеючых за мяжой палітычных і грамадскіх арганізацый, СМІ і іншых інфармацыйных рэсурсаў, а таксама персанальна шэраг публічны асоб.

“Экстрэмісцкімі фарміраваннямі”, у прыватнасці, прызнаныя Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК), Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ), Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, полк імя Кастуся Каліноўскага, праваабарончы цэнтр “Вясна”, фонды салідарнасці BySol і By_help, 17 медыя і інш.

“Тэрарыстычнымі арганізацыямі” ў Беларусі прызнаныя арганізацыя былых сілавікоў ByPol, медыя-праект Nexta, аб’яднанне “Супраціў” з ініцыятывамі, якія ў яе ўваходзяць, — “Кіберпартызаны”, “Дружыны Народнай Самаароны — ДНС”, “Буслы ляцяць”, рух “Атрады грамадзянскай самаабароны”.

У спіс “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, уключаныя дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, намеснік кіраўніка АПК і кіраўнік НАУ Павел Латушка, удзельнікі BySol, блогеры Сцяпан Пуціла і Антон Матолька, медыяменеджар Дзмітрый Навоша і іншыя актывісты, якія знаходзяцца за мяжой.

Падзяліцца: