be
Arrow
Мінск 18:21

Кіраўнік Мінпрыроды спадзяецца, што палякі на рэферэндуме прагаласуюць за знос плота на мяжы з Беларуссю

8 верасня, Позірк. Польскія ўлады на маючым адбыцца рэферэндуме хочуць “узаконіць” пабудаваную на мяжы з Беларуссю загароду, якая “наносіць шкоду экалогіі дзвюх краін”, заявіў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэй Худык, выступаючы 8 верасня ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча” на пасяджэнні грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета пры ведамстве.

“Спадзяемся, што здаровы сэнс суседзяў [пераможа], <…> [і яны] усё ж такі прымуць правільнае рашэнне і прагаласуюць [на рэферэндуме] супраць гэтай вар’яцкай, бяздарнай працы, якую правёў польскі ўрад, узвёўшы гэты плот, і прагаласуюць за тое, каб яго знеслі”, — цытуе Худыка ТАСС.

Кіраўнік Мінпрыроды паведаміў, што па выніках пасяджэння савета неабходна “аформіць зварот” да прадстаўнікоў грамадскасці Беларусі і Польшчы з мэтай “паўплываць на свядомасць тых, хто галасуе”.

Рэферэндум у Польшчы пройдзе 15 кастрычніка разам з парламенцкімі выбарамі. Адно з пытанняў гучыць наступным чынам: “Ці падтрымліваеце вы скасаванне бар’ера на мяжы Рэспублікі Польшча з Рэспублікай Беларусь?”

Іншыя пытанні рэферэндуму тычацца прапанаванай Еўрасаюзам схемы прыёму мігрантаў, нацыянальнай сістэмы пенсійнага забеспячэння і продажу дзяржаўных прадпрыемстваў.

14 жніўня міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што “самыя важныя пытанні, якія тычацца бяспекі, павінны вырашацца грамадзянамі”.

Польшча ўзводзіла 206-кіламетровы плот уздоўж мяжы з Беларуссю са студзеня 2022 года па чэрвень 2023 года. Будаўніцтва фізічнага бар’ера стала рэакцыяй Варшавы на рэгулярныя з вясны 2021 года патокі нелегальных мігрантаў, якія імкнуцца трапіць у краіны ЕС з беларускай тэрыторыі.

Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, за мінулыя суткі мяжу з боку Беларусі спрабавала нелегальна перасекчы 59 замежнікаў (суткамі раней — 15).

У 2023 годзе спынена 20.570 спроб незаконнага пранікнення ў Польшчу: 1.398 у студзені, 1.455 у лютым, 2.583 у сакавіку, 2.363 у красавіку, 2.959 у траўні, 2.866 у чэрвені, 3.934 у ліпені, 2.759 у жніўні, 253 з пачатку верасня.Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся вясной 2021 года.

Падзяліцца: