Мінск 01:25

Украіна абвергла парушэнне паветранай прасторы з тэрыторыі Беларусі

Крыніца: pixabay.com

24 верасня, Позірк. Факту парушэння паветранай прасторы Украіны з тэрыторыі Беларусі не ўстаноўлена, паведамляе тэлеграм-канал Паветраных сіл Украіны.

“Імаверна, была ўжытая радыёлакацыйная перашкода”, — гаворыцца ў каментары.

24 верасня Узброеныя сілы Украіны (УСУ) паведамілі, што ў Кіеве і Кіеўскай вобласці была абвешчаная паветраная трывога праз парушэнне мяжы з боку Беларусі.

“У 14:28 няхуткасная паветраная цэль на мяжы Кіеўскай і Жытомірскай абласцей перасекла дзяржаўную мяжу з тэрыторыі Беларусі і пайшла па паўднёвым курсе”, — адзначылі ва УСУ.

Выступаючы 17 верасня ў “Мінск-Арэне” на ўрачыстым вечары з нагоды дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ЗША “ўказалі Кіеву, калі складуцца абставіны, атакаваць <…> беларускую інфраструктуру па паўднёвай мяжы”.

“Прычына — расійскія беспілотнікі лётаюць побач з тэрыторыяй Беларусі. Павінен вам адкрыта заявіць: мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы не будзем у СМІ падсвятляць факты залёту беспілотнікаў і расійскіх, і ўкраінскіх на нашу тэрыторыю”, — сказаў ён.

Лукашэнка прызнаў, што баявыя беспілотнікі час ад часу залятаюць на тэрыторыю Беларусі, адзін з іх нібыта быў знойдзены “аж пад Бабруйскам”. “Гэта былі ўкраінскія беспілотнікі, а не расійскія. Хоць і з іншага боку бывае”, — удакладніў прамоўца.

“Хачу папярэдзіць нашых праціўнікаў, нашых супернікаў. І тых, хто не разумее яшчэ. Не трэба гэта рабіць. Напад на Беларусь — гэта Трэцяя сусветная вайна”, — дадаў Лукашэнка.

У ліпені, жніўні і верасні паведамлялася пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў было збіта над Гомелем, абломкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушана прызнаць факт парушэння мяжы лятальнымі аб’ектамі, не назваўшы пры гэтым, каму яны належалі.

Падзяліцца: