Мінск 17:19

Мінабароны праводзіць у Гродне камандна-штабную трэніроўку з “выкарыстаннем вопыту СВА”

Павел Муравейка
Фота: Мінабароны

1 кастрычніка, Позірк. У Гродзенскім гарнізоне пачалася камандна-штабная трэніроўка з упраўленнем Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных сіл (УС), паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Адзначаецца, што трэніроўка праходзіць пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба УС — першага намесніка міністра абароны Паўла Муравейкі.

“Мэта трэніроўкі — ацаніць ступень гатоўнасці органаў кіравання, здольнасць асноўных функцыянальных груп выканаць задачы ва ўмовах зменлівай абстаноўкі. Асноўны ўпор зроблены на якасць правядзення і абгрунтаванне разлікамі рашэнняў, што прымаюцца, выпрацоўцы эфектыўных мер па падрыхтоўцы войскаў да маючых адбыцца дзеянняў, адпрацоўцы сучасных варыянтаў рашэння задач з улікам вопыту “спецыяльнай ваеннай аперацыі”, — заявіў Муравейка.

30 верасня Мінабароны паведаміла пра пачатак чарговага этапу праверкі злучэнняў і вайсковых частак Узброеных сіл пад кіраўніцтвам Муравейкі. Заяўлялася, што “асабістаму складу, у тым ліку ваеннаабавязаным, прызваным з запасу”, у рамках праверкі трэба будзе выканаць “увесь комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі да ўжывання, выйсці ў прызначаныя раёны”.

Мінабароны папярэдзіла, што “падчас праверкі запланавана перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, магчыма часовае абмежаванне руху грамадзянскага транспарту па дарогах агульнага карыстання і ўчастках мясцовасці”.

З 21 чэрвеня праводзілася раптоўная праверка гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных сіл “да выканання задач па прызначэнні”. Праверка праводзілася на палігонах і ўчастках мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Перад гэтым Дзяржпагранкамітэт заявіў, што Украіна канцэнтруе цяжкае ўзбраенне на мяжы з Беларуссю.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль. Беларускія ваеначальнікі рэгулярна заяўляюць, што манеўры праводзяцца з выкарыстаннем вопыту “спецыяльнай ваеннай аперацыі”.

Тэрмінам “спецыяльная ваенная аперацыя (СВА)” расійскія і беларускія ўлады называюць поўнамаштабную вайну, якая вядзецца РФ супраць Украіны з 24 лютага 2022 года.

Падзяліцца: