Мінск 12:57

У “Альфа-Банку” заявілі, што брытанскія санкцыі “не акажуць прыкметнага ўплыву” на яго працу

Фота: старонка "Альфа-Банка" ў "Фэйсбуку"

3 кастрычніка, Позірк. Уведзеныя Вялікабрытаніяй санкцыі, “паводле папярэдняй ацэнкі, не акажуць прыкметнага ўплыву” на працу “Альфа-Банка” ў Беларусі, паведамляецца ў тэлеграм-канале фінансава-крэдытнай установы.

“Нашы карты і сэрвісы працягваюць працаваць у стандартным рэжыме. Прама зараз мы юрыдычна разбіраемся ў дакуменце санкцый”, — заявілі ў банку.

У паведамленні падкрэсліваецца, што банк будзе трымаць кліентаў у курсе сітуацыі і “аператыўна падзеліцца навінамі, калі нешта зменіцца”.

3 кастрычніка стала вядома, што Злучанае Каралеўства ўвяло санкцыі ў дачыненні да “Альфа-Банка” ў Беларусі. Санкцыі ўведзеныя за тое, што банк “удзельнічае або ўдзельнічаў у атрыманні выгады або падтрымцы ўрада Беларусі шляхам вядзення бізнесу ў сектары, які мае для яго стратэгічнае значэнне, а менавіта ў беларускім сектары фінансавых паслуг”.

“Альфа-Банк” у Беларусі працуе з 1999 года (да лістапада 2008 года — “Банк міжнароднага гандлю і інвестыцый”) і ўваходзіць у структуру кансорцыума “Альфа-Груп”. Цяпер банкаўскаму холдынгу АBH Holdings S.A. належыць 99,9% акцый ЗАТ “Альфа-Банк”.

Паводле велічыні актываў, крэдытнага партфеля, сродкаў кліентаў, нарматыўнага капіталу банк уваходзіць у першую дзясятку найбуйнейшых банкаў у Беларусі. Статутны фонд — 101,4 млн рублёў.

7 красавіка 2022 года банк паведаміў, што абмежаванні, якія ўвялі ЗША ў дачыненні да “Альфа-Банка” ў Расіі, не закранаюць яго дзейнасць. Падкрэслівалася, што “гэта асобны бізнес у складзе міжнароднага кансорцыума”, а таму ў дачыненні да яго і бізнесу ў Беларусі “ніякіх абмежаванняў не ўводзілі”.

У снежні 2023 года банк спыніў SWIFT-пераклады ў еўра на рахункі кліентаў польскага банка PKO Bank Polski.

З 1 сакавіка 2024 года “Альфа-Банк” у Беларусі спаганяе з фізічных асоб, у якіх на бягучых рахунках у доларах і еўра захоўваецца больш за 160 тыс. рублёў у эквіваленце, штомесячную камісію. Увядзенне камісіі банк патлумачыў назапашваннем замежнай валюты “праз міжнародныя абмежаванні”.

Падзяліцца: