Мінск 20:28

Лукашэнка прапанаваў кандыдатам у ЕС Малдове і Грузіі “вярнуцца ў сям’ю” СНД

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

8 кастрычніка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Грузіі і Малдове аднавіць свой удзел у дзейнасці Садружнасці Незалежных Дзяржаў, вынікае з яго слоў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД 8 кастрычніка.

“Было б вельмі добра, калі б у нашу сям’ю вярнулася Грузія, аднавіла свой поўнафарматны ўдзел Малдова, [калі б] адумаліся ўлады Украіны, у аднаўленні нармальнага жыцця якой нам давядзецца ўдзельнічаць. Я абсалютна ўпэўнены, што так і будзе. Проста гэта пытанне часу”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, неабходна таксама “падумаць, як больш эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял рэгіянальнай інтэграцыі”. “Агульная мэта зразумелая. Нам патрэбны моцны саюз моцных, эканамічна самадастатковых суверэнных дзяржаў. Аб роўных умовах і павазе нацыянальных інтарэсаў мы гаворым пастаянна. Многае ўжо зроблена, але ёсць і да чаго імкнуцца”, — удакладніў Лукашэнка.

У сваім выступе ён “пазначыў некалькі кірункаў” развіцця СНД.

Першы — умацаванне міжнароднага статусу СНД, для чаго “садружнасць павінна пастаянна прысутнічаць у сусветным інфармацыйным парадку дня”.

Другі — “супрацьдзеянне насаджэнню чужых экстрэмісцкіх ідэалогій, спробам уцягвання грамадзян у супрацьпраўную, у тым ліку тэрарыстычную дзейнасць”.

Трэці — дасягненне “тэхналагічнага суверэнітэту на прасторы СНД”. “Заходнія праваўладальнікі найноўшых тэхналагічных рашэнняў адмаўляюцца дзяліцца сваімі дасягненнямі, не гарантуюць суправаджэнне і абслугоўванне ўжо закупленых законным чынам тэхнікі і абсталявання. Гэта тычыцца і аховы здароўя, што жахліва. Таму нам жыццёва неабходна ўкараненне ў вытворчасць сваіх вынаходак і распрацовак, патрэбна ўласная кампанентная база”, — заявіў Лукашэнка.

Чацвёрты напрамак — “прасоўванне і культываванне сістэмы каштоўнасцяў садружнасці”. Гаворка, паводле слоў прамоўцы, пра “каштоўнасці, якія гістарычна склаліся, а не навязаныя і надуманыя еўрапейскія або амерыканскія”.

Лукашэнка падкрэсліў, што СНД “стваралася палітыкамі, якія ведаюць цану адзінству нацый, але ў агляднай будучыні ў палітыку прыйдзе пакаленне, якое добра разумее важнасць нацыянальнага суверэнітэту і незалежнасці”.

“Ці змогуць яны захаваць напрацаваны намі вопыт саюзнага будаўніцтва — залежыць ад нашай з вамі працы сёння, у тым ліку з моладдзю”, — адзначыў ён.

Пры гэтым, паводле яго пераканання, новаму пакаленню неабходна перадаць “унікальны савецкі вопыт руху народаў да адзінай мэты без ўшчамлення нацыянальных інтарэсаў, гэты ўзор кансалідацыі разнастайных культур, рэлігій, традыцый у імя мэты”.

Грузія, Украіна і Малдова — з’яўляюцца кандыдатамі на ўступленне ў Еўрапейскі саюз.

Грузія выйшла з СНД у 2009 годзе, Украіна — у 2018-м. У абодвух выпадках гэта было шмат у чым звязана з расійскай вайсковай агрэсіяй у дачыненні да гэтых краін.

Малдова заявіла пра намер пакінуць СНД да канца 2024 года.

Падзяліцца: