Мінск 15:27

У кастрычніку амбасады Літвы, Малдовы і Грузіі ў Мінску арганізуюць выбарчыя ўчасткі ў рамках нацыянальных электаральных кампаній

12 кастрычніка, Позірк. У кастрычніку ў амбасадах Літвы, Малдовы і Грузіі ў Мінску будуць працаваць выбарчыя ўчасткі ў рамках нацыянальных электаральных кампаній, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу паведамленняў знешнепалітычных ведамстваў і выбарчых камісій названых краін.

13 кастрычніка з 9 па 20 гадзін у амбасадзе Літвы (вул. Захарава, 68) будзе адкрыты ўчастак для галасавання ў першым туры парламенцкіх выбараў (праводзяцца як па партыйных спісах, так і па мажарытарнай сістэме). 9 і 10 кастрычніка ён ужо працаваў для жадаючых прагаласаваць датэрмінова (з 9 да 13 гадзін абодва дні). 27 кастрычніка з 9 да 20 гадзін можна будзе прыйсці ў дыппрадстаўніцтва і прагаласаваць у другім туры, датэрмінова — 23 і 24 кастрычніка з 9 да 13 гадзін.

20 кастрычніка з 7 да 21 гадзіны грамадзяне Малдовы, якія знаходзяцца ў Беларусі, запрашаюцца ў амбасаду (вул. Беларуская, 2) прагаласаваць на выбарах прэзідэнта і рэферэндуме аб уступленні краіны ў Еўрапейскі саюз.

26 кастрычніка з 8 да 20 гадзін у амбасадзе Грузіі (пл. Свабоды, 4) будзе працаваць участак для галасавання на парламенцкіх выбарах. Яны праводзяцца ў адзін тур па партыйных спісах. Апублікаваны склад выбарчай камісіі: 12 чалавек, у тым ліку чатыры — прадстаўнікі партый-канкурэнтаў.

Падзяліцца: