Мінск 17:45

Лукашэнка: Мы з Пуціным яшчэ гадоў пяць таму прыступілі да абнаўлення ядзернай дактрыны Расіі

Скрыншот: тэлеграм-канал Паўла Зарубіна

13 кастрычніка, Позірк. Аб асабістым удзеле ў абнаўленні ядзернай дактрыны РФ заявіў тэлеканалу “Расія 1” Аляксандр Лукашэнка.

Відэафрагмент яго каментарыя апублікаваў у сваім тэлеграм-канале карэспандэнт згаданага канала Павел Зарубін.

“Мы з [прэзідэнтам Расіі] Уладзімірам Уладзіміравічам [Пуціным] яшчэ гадоў пяць таму прыступілі да гэтага пытання, таму для мяне гэта не нова”, — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, “даўно трэба было гэтую дактрыну” змяніць, і “гарачыя галовы” на Захадзе “ўжо гэтыя сігналы пачулі”.

“Гарачыя галовы, калі б яны не пачулі, то як мінімум бы ўжо бамбілі нас, асабліва Расію, гэтымі дальнабойнымі ракетамі. А так, напэўна, гэта астуджае іх запал”, — дадаў ён.

Аб абнаўленні ядзернай дактрыны РФ было абвешчана на пасяджэнні Савета бяспекі РФ 25 верасня. Тады Пуцін заявіў, што Масква “пакідае за сабой права” ўжыць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.

“З беларускім бокам, з прэзідэнтам Беларусі ўсе гэтыя пытанні ўзгодненыя. У тым ліку калі праціўнік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму суверэнітэту”, — сказаў прэзідэнт РФ.

Размешчаная ў Беларусі расійская тактычная ядзерная зброя (ТЯЗ) можа быць ужытая толькі з дазволу Крамля, вынікае з заяваў Лукашэнкі 8 кастрычніка ў Маскве перад пасяджэннем Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

“Слухайце, нават калі б мы, як Паўночная Карэя, мелі зброю, вырабленую і створаную ў сябе, ніколі ў жыцці ніводная краіна не ўжыла б яе самастойна без кансультацыі са сваімі саюзнікамі. А тым больш нам без кансультацыі з Расійскай Федэрацыяй, — сказаў Лукашэнка. — <…> Але калі б раптам, то, натуральна, мы б не проста пракансультаваліся, мы б вельмі сур’ёзна правялі перамовы з прэзідэнтам Расіі па ўжыванні гэтай зброі”.

Пра тое, што ў выпадку нападу Украіны на Беларусь Лукашэнка зможа выкарыстоўваць расійскую ТЯЗ з дазволу Масквы, заявіў 6 кастрычніка ў сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў.

“[У такой сітуацыі] у Аляксандра Рыгоравіча будзе поўная падстава звярнуцца да Расіі для выкарыстання размешчанай у Беларусі ТЯЗ. І яму цяжка будзе адмовіць у задавальненні паглядзець на агеньчыкі ў Кіеве”, — заявіў Мядзведзеў.

Падзяліцца: