Мінск 17:29

У Беларусі запаволіўся рост рэальных даходаў насельніцтва

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

15 кастрычніка, Позірк. Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (даходы з улікам інфляцыі) у студзені — жніўні 2024 года павялічыліся на 9,7% (месяц таму — 9,9%) у параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га, вынікае з паведамлення Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы займае 65,6% (месяцам раней — 65,4%), даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 7,8% (7,8%), трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі ды інш.) — 21,9% (22%), даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 7,8% (4,8%).

Паводле даных Белстата, у 2023 годзе рэальныя даходы выраслі на 6,3% (пры плане ўладаў 4,1%), у 2022 годзе было адзначана скарачэнне на 3,6% (пры плане павялічыць іх на 2%).

Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў жніўні 2024 года склаў 2.341,2 рубля — на 13,9 рубля менш (-0,6%), чым у ліпені (2.355,1).

Паводле даных Белстата, спажывецкія цэны ў верасні 2024 года выраслі на 0,44%, ад пачатку года — на 3,8%, за 12 месяцаў (верасень да верасня) — на 6%.

Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасці на 3,5%.

Падзяліцца: