Мінск 15:31

Сергеенка абвінаваціў НАТО ў падрыхтоўцы да баявых дзеянняў

Фота: sb.by

15 кастрычніка, Позірк. “Сёння некалькі гарачых зон знаходзяцца на мяжы новай сусветнай вайны”, — заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сяргеенка 15 кастрычніка на сустрэчы з працоўным калектывам ААТ “СветлагорскХімвалакно” (Гомельская вобласць).

“Тая сітуацыя, якая адбываецца з правядзеннем СВА ва Украіне, і тое, што адбываецца сёння на Блізкім Усходзе, — рэальныя агмені баявога супрацьстаяння”, — цытуюць яго дзяржСМІ.

Сергеенка звярнуў увагу, што “калі ў 1989 годзе ў ваенны блок НАТО ўваходзіла 16 краін, то сёння — 32 дзяржавы” і “нават доўгія гады, якія заставаліся нейтральнымі, Фінляндыя і Швецыя ўступілі ў блок”: “Гэта значыць па ўсім свеце фактычна ідуць падрыхтоўкі да баявых дзеянняў”.

“Наша “дружалюбная” Польшча ўзмацняе вайсковую прысутнасць блока НАТО. На тэрыторыі Літвы пачынаецца новы этап вучэнняў, у якіх задзейнічаны як тэрытарыяльныя падраздзяленні, так і вайскоўцы блока НАТО”, — падкрэсліў ён.

Тэрмінам “спецыяльная ваенная аперацыя (СВА)” расійскія і беларускія ўлады называюць поўнамаштабную вайну, якая вядзе РФ супраць Украіны з 24 лютага 2022 года.

Падзяліцца: