Мінск 15:45

Брусель прызнае права Польшчы прыпыняць разгляд заяў аб прытулку, сцвярджае Туск

Туск перад адкрыццём саміту ЕС (17 кастрычніка 2024 года)
Скрыншот: трансляцыя на сайце Савета ЕС

17 кастрычніка, Позірк. У Бруселі “няма ніякіх праблем” з прызнаннем права Польшчы прыпыняць прыём заяў аб наданні прытулку, сказаў журналістам прэм’ер-міністр Дональд Туск 17 кастрычніка перад адкрыццём саміту ЕС.

Паводле слоў кіраўніка польскага ўрада, “усе разумеюць спецыфіку сітуацыі, калі кантрабандай людзей займаюцца варожыя рэжымы, як у выпадку з Расіяй і Беларуссю”. “Так што гэта зусім іншая праблема. Паміж намі ўсё аказалася прасцей, чым я чакаў”, — заявіў ён.

15 кастрычніка Туск паведаміў, што ў Польшчы прынятая комплексная міграцыйная стратэгія “Вярніце сабе кантроль. Забяспечыць бяспеку”. Раней ён заяўляў, што гэтая стратэгія прадугледжвае “часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак”.

16 кастрычніка ў інтэрв’ю Gazeta Wyborcza Туск заявіў, што права на прытулак павінна надавацца толькі тым людзям, якія “сапраўды зазнаюць пераслед у сваёй краіне, і вяртанне туды пагражае іх жыццю”.

Журналіст пры гэтым прывёў сведчанне сваёй “сяброўкі з Беларусі”, якая падала прашэнне аб атрыманні з Польшчы міжнароднай абароны — і цяпер, у святле заяў прэм’ера аб пастрожанні міграцыйнай палітыкі, асцерагаецца дэпартацыі.

“Калі яна падала заяву аб наданні прытулку, яна будзе разгледжаная”, — адказаў на гэта прэм’ер-міністр.

У той жа дзень, рэагуючы на крытыку з боку прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, Туск падкрэсліў, што “не было ніводнага выпадку, каб беларускі апазіцыянер спрабаваў нелегальна перасячы польска-беларускую мяжу ў складзе груп, арганізаваных Лукашэнкам”.

“Сітуацыя на мяжы такая, што арганізаваныя групы, часам падрыхтаваныя беларускімі службамі, за кошт расійскіх і беларускіх грошай і сродкаў кантрабандыстаў дастаўляюцца самалётамі ў Маскву і Мінск. Там стаяць аўтобусы, гэтых людзей прывозяць да мяжы, часам рыхтуюць месяцамі, каб яны нелегальна яе перасеклі і правакавалі канфлікты на нашай мяжы”, — патлумачыў прэм’ер-міністр.

Рашэнні ўрада скіраваныя не толькі на абарону мяжы з Беларуссю, але і на прадухіленне гібелі людзей, як з боку мігрантаў, так і з боку польскіх салдат і памежнікаў, сцвярджае ён.

14 кастрычніка прэс-сакратар Еўракамісіі Аніта Хіпер падкрэсліла, што Еўрасаюзу “важна і неабходна абараняць свае знешнія межы”, аднак дзяржавы — члены ЕС маюць міжнародныя абавязацельствы, у тым ліку доступ да працэдуры надання прытулку.

Паводле яе слоў, пытанні аховы межаў і абавязкі надаваць прытулак замежнікам “не з’яўляюцца ўзаемавыключальнымі”.

Пасля падзей 2020 года ў Беларусі Польшча стала адной з ключавых краін, у якія шмат беларусаў уцякло ад рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Падзяліцца: