Мінск 11:29

Нягледзячы на запаволенне росту, прамысловасць застаецца асноўным драйверам эканомікі Беларусі — ЕАБР

Ілюстрацыйнае фота: трактар.бел

21 кастрычніка, Позірк. Прамысловасць “працягвае заставацца асноўным драйверам эканомікі” Беларусі, гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе Еўразійскага банка развіцця.

Адзначыўшы, што рост прамысловай вытворчасці за дзевяць месяцаў склаў 4,5% (тут і далей у гадавым вымярэнні), аналітыкі звярнулі ўвагу на тое, што па выніках студзеня — жніўня гэты паказчык быў на 0,4 працэнтнага пункта вышэйшым — 4,9%.

Унёсак гандлю склаў каля 0,7 п.п. на фоне росту рознічнага гандлю на 11,8% і аптовага тавараабароту на 6%.

ЕАБР таксама адзначыў рост сельскагаспадарчага сектара на 5,1%, інвестыцыі ў асноўны капітал павялічыліся на 7,6%.

Па выніках студзеня — верасня агульны аб’ём ВУП склаў 180,4 млрд рублёў. У супастаўных цэнах гэта на 4,5% больш, чым за аналагічны перыяд 2023 года, вынікае з першай ацэнкі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У 2023 годзе ВУП павялічыўся на 3,9%, у 2022-м — знізіўся на 4,7%, у 2021-м эканоміка вырасла на 2,3%, у 2020-м — скарацілася на 0,9%.

Міжнародны валютны фонд чакае рост беларускай эканомікі на ўзроўні 2,4%, Сусветны банк — 4%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — 4,2%, даследчы цэнтр BEROC — 4%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — 3,7%.

Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, прырост ВУП павінен скласці 3,8%.

Падзяліцца: