Мінск 13:58

Лукашэнка запрасіў у Беларусь новага прэзідэнта В’етнама Лыёнг Кыёнга

Прэзідэнт В'етнама Лыёнг Кыёнг
Архіўнае фота: VN Express

22 кастрычніка, Позірк. Сведчаннем “высокага аўтарытэту, вялікага даверу з боку партыі, дзяржавы і народа” назваў Аляксандр Лукашэнка абранне Лыёнг Кыёнга прэзідэнтам В’етнама, якое адбылося 21 кастрычніка.

“Перакананы, прафесійныя веды і багаты жыццёвы досвед дазволяць вам эфектыўна выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы ў інтарэсах яго грамадзян”, — адзначыў Лукашэнка ў апублікаваным яго прэс-службай віншавальным пасланні.

З красавіка 2016 года па чэрвень 2024-га Лыёнг Кыёнг займаў пасаду дырэктара галоўнага ўпраўлення палітыкі Народнай арміі В’етнама. У гэты перыяд, як сцвярджае віншавальнік, ваенна-палітычны дзеяч “садзейнічаў развіццю супрацы паміж Беларуссю і В’етнамам у сферы абароны і бяспекі”.

Лукашэнка спадзяецца, што на “новай высокай пасадзе” Лыёнг Кыёнг будзе “далей садзейнічаць умацаванню беларуска-в’етнамскіх стасункаў, заснаваных на шматгадовых традыцыях сяброўства і ўзаемнай падтрымкі”.

“Буду рады вітаць вас у Беларусі ў любы зручны час для абмеркавання пытанняў пашырэння двухбаковых палітычных, эканамічных і гуманітарных сувязей і плённага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне”, — гаворыцца ў пасланні.

Прэзідэнта краіны ў В’етнаме выбірае парламент. На прэзідэнцкай пасадзе Лыёнг Кыёнг змяніў То Лама, які прабыў прэзідэнтам усяго пяць месяцаў. У жніўні ён быў абраны генеральным сакратаром кіроўнай і адзінай легальнай палітычнай структуры — Камуністычнай партыі В’етнама. Па факце пазіцыя партыйнага лідара вышэйшая за пазіцыю прэзідэнта.

На сустрэчы з міністрам грамадскай бяспекі В’етнама Там Куангам 9 верасня ў Мінску Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе “настолькі актыўная ў стасунках” з Ханоем, наколькі гэта можа дазволіць сабе в’етнамскае кіраўніцтва.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і В’етнамам усталяваныя 24 студзеня 1992 года. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворана ў амбасаду ў снежні 1997 года, в’етнамская дыпмісія ў Мінску адкрылася напрыканцы 2003-га.

У снежні 2023 года ў Хашыміне адкрыта генеральнае консульства Беларусі.

Паводле інфармацыі МЗС, тавараабарот Беларусі і В’етнама ў 2021 годзе склаў 200,3 млн долараў (беларускі экспарт — 92,9 млн, в’етнамскія пастаўкі — 107,4 млн, адмоўнае сальда — 14,5 млн). Актуальных даных у адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: