Мінск 17:38

У Літве канфіскавана больш за 40 тыс. пачкаў кантрабандных цыгарэт, у тым ліку з беларускімі акцызнымі маркамі

13 лістапада, Позірк. Больш за 40 тыс. пачкаў нелегальных цыгарэт, у тым ліку з беларускімі акцызнымі маркамі, выявілі літоўскія памежнікі ў Алітусе на поўдні краіны, паведаміла 13 лістапада Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС балтыйскай дзяржавы.

Аперацыю правялі 11 лістапада супрацоўнікі аддзела крымінальнай разведкі Пагегяйскага пагранічнага атрада сумесна з калегамі з падраздзялення спецыяльнага прызначэння “Ковас“.

У гаражным масіве памежнікі затрымалі 60-гадовага мясцовага жыхара, які перагружаў цыгарэты з гаража ў аўтамабіль Volvo S80.

У гаражы было выяўлена 25.280 пачкаў цыгарэт розных марак, частка якіх мела беларускія акцызныя маркі, астатнія былі без іх марак. Нелегальныя тытунёвыя вырабы, наяўныя грошы і іншыя прадметы, якія маюць значэнне для расследавання, таксама знайшлі ў аўтамабілі.

У той жа дзень каля гаража быў затрыманы меркаваны саўдзельнік-41-гадовы жыхар Алітуса, якому належыць памяшканне. Абодва мужчыны змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання.

Пасля памежнікі правялі ператрусы яшчэ ў чатырох гаражах, жылых і падсобных памяшканнях горада, дзе таксама выявілі нелегальныя цыгарэты, грошы і іншыя доказы.

Усяго падчас аперацыі канфіскавана 40 558 пачкаў цыгарэт з беларускімі і расейскімі акцызнымі маркамі, а таксама без іх. Агульны кошт з улікам абавязковых да выплаты ў Літве падаткаў перавышае 223 тыс. еўра. Акрамя таго, канфіскавана 10.160 еўра наяўнымі і аўтамабіль Volvo S80.

Распачатае дасудовае расследаванне па факце незаконнага распараджэння падакцызнымі таварамі. Яго курыруе Каўнаская акруговая пракуратура.

Паводле інфармацыі САДМ, за падобнае злачынства прадугледжанае пакаранне ў выглядзе штрафу або пазбаўлення волі на тэрмін да 8 гадоў.

Падзяліцца: