Мінск 07:29

Еўрапарламент запатрабаваў ад Мінска раскрыць звесткі пра вывезеных украінскіх дзяцей, прапануе ўзмацніць санкцыі

13 лістапада, Позірк. Даць поўную інфармацыю пра ўкраінскіх дзяцей, дэпартаваных або прымусова перамешчаных на тэрыторыю Беларусі ці праз яе, запатрабаваў ад беларускіх уладаў Еўрапейскі парламент у рэзалюцыі ад 12 лістапада, прысвечанай украінскім дзецям, вывезеным у Расію або тым, якія знаходзіцца на акупаваных ёю тэрыторыях Украіны.

За прыняцце прагаласавалі 536 дэпутатаў, супраць — восем, устрымаліся 37.

У дакуменце гаворыцца, што ўлады Беларусі і РФ павінны перадаць украінскаму боку і адпаведным міжнародным арганізацыям поўныя звесткі пра такіх дзяцей, якія можна спраўдзіць, у тым ліку іх асобы, месцазнаходжанне, стан здароўя і прававы статус.

Еўрапарламент таксама заклікаў “неадкладна спыніць практыку змены імёнаў, грамадзянства і сямейнага статусу дзяцей, якая перашкаджае іх ідэнтыфікацыі і ўз’яднанню з сем’ямі”.

У рэзалюцыі змяшчаецца заклік да Савета ЕС пашырыць адрасныя санкцыі супраць беларускіх, расійскіх і паўночнакарэйскіх службовых асоб, якія датычныя да дэпартацыі, прымусовага перамяшчэння, незаконнага ўсынаўлення, “ідэалагічнай апрацоўкі і мілітарызацыі” ўкраінскіх дзяцей.

Еўрадэпутаты прапануюць распаўсюдзіць абмежаванні на ўсю сетку ўдзельнікаў гэтай дзейнасці, у тым ліку чыноўнікаў, дзяржаўныя і адукацыйныя ўстановы, упаўнаважаных па правах дзіцяці, кіраўнікоў дзіцячых лагераў, транспартныя арганізацыі і моладзевыя аб’яднанні.

У дакуменце прыведзеныя вынікі даследавання Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскага ўніверсітэта, апублікаванага ў 2023 годзе*.

Еўрапарламент рашуча асудзіў “сістэматычную дэпартацыю, прымусовае перамяшчэнне, незаконнае ўсынаўленне, русіфікацыю, ідэалагічную апрацоўку і мілітарызацыю ўкраінскіх дзяцей Расіяй, у тым ліку пры ўдзеле Беларусі і Паўночнай Карэі”.

Асобна ў рэзалюцыі падтрымліваецца супрацоўніцтва Еўрапола, Еўраюста і ўкраінскага амбудсмена па зборы звестак пра дзяцей, якія незаконна перамешчаны ў Расію, Беларусь і КНДР, а таксама доказаў для наступнага крымінальнага пераследу датычных асоб.

ЕП нагадаў, што ў рэзалюцыі ад 8 траўня 2025 года ўжо асуджаў дзеянні Расіі і саўдзел Беларусі ў перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей, назваўшы гэтую практыку часткай стратэгіі знішчэння ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Новы дакумент змяшчае патрабаванне неадкладнага і безумоўнага вяртання ўсіх дэпартаваных і прымусова перамешчаных украінскіх дзяцей на неакупаваную тэрыторыю Украіны, што “не можа станавіцца прадметам гандлю пры заключэнні мірных пагадненняў”.

Паводле даных украінскіх уладаў, прыведзеных у дакуменце, на верасень 2026 года быў пацверджаны 20.651 выпадак дэпартацыі і прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей. На 28 кастрычніка ўдалося вярнуць 2.752 дзіцяці.

Афіцыйны Мінск “катэгарычна адхіляе галаслоўныя абвінавачанні” ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

*Як паведамляў “Позірк”, згодна з гэтымі данымі, не менш за 2.442 украінскіх дзяцей былі вывезеныя ў 13 устаноў Беларусі, дзе зазналі палітычнае перавыхаванне, а ў дакументальна пацверджаных выпадках — ваенную падрыхтоўку. 

Падзяліцца: