Мінск 07:14

У Польшчы ў беларуса выяўлена больш за 2 млн загатовак для цыгарэтных пачкаў з падробленымі таварнымі знакамі

13 лістапада, Позірк. Амаль 2,3 млн кардонных загатовак для цыгарэтных пачкаў і 253 рулоны паперы для абгортвання цыгарэтных фільтраў з незаконна нанесенымі таварнымі знакамі вядомых тытунёвых брэндаў выявілі польскія мытнікі ў грузавіку пад кіраваннем 60-гадовага грамадзяніна Беларусі, паведамляе прэс-служба Падляскага падраздзялення Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы.

Грузавік, які ўехаў у краіну з Літвы, быў спынены для праверкі на трасе S61 паблізу польска-літоўскай мяжы ў Будзіска (Падляскае ваяводства).

Паводле даных ведамства, замест пазначанай у дакументах паперы ў паўпрычэпе знаходзілася згаданая кантрафактная паліграфічная прадукцыя. Арыенціровачны рынкавы кошт канфіскаванага тавару складае амаль 720 тыс. злотых (больш за 180 тыс. долараў).

Груз дастаўлены на склад Падляскай падатковай адміністрацыі ў Сувалках.

Па справе пачата расследаванне. Кіроўца дапытаны.

Паведамляецца, што за незаконную маркіроўку тавараў падробленымі таварнымі знакамі польскае заканадаўства прадугледжвае пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі.

22 красавіка “Позірк” паведамляў пра канфіскацыю польскімі мытнікамі на той жа трасе S61 з грузавіка пад кіраваннем 45-гадовага беларуса 657 рулонаў паперы для абгортвання цыгарэтных фільтраў з падробленымі таварнымі знакамі вядомага тытунёвага брэнда. Агульная вага грузу перавышала 3,5 т, яго кошт ацэньваўся ў 131 тыс. злотых (36,3 тыс. долараў). 

Падзяліцца: