Мінск 07:49

Развітанне з дзеячам дыяспары Сяргеем Пархоцем адбудзецца ў Варшаве 15 лістапада

13 лістапада, Позірк. Свецкая цырымонія развітання з стваральнікам і адміністратарам групы “Беларусы ў Варшаве” ў “Фэйсбуку” Сяргеем Пархоцем (псеўданім Ян Памедор Реутский) адбудзецца 15 лістапада а 15-й гадзіне ў польскай сталіцы ў Беларускай кавярні па адрасе: Варшава, вул. Кобельска, 75 (ul. Kobielska 75).

Там будзе ўстаноўлена урна з прахам, якая пасля цырымоніі будзе перавезена ў Беларусь, дзе адбудзецца пахаванне сярод найбліжэйшых сваякоў.

Як адзначаецца на старонцы кавярні Temperatura, якую адкрыў Пархоць, у гэтай жа сацсетцы, арганізатары запрашаюць усіх, хто “хацеў бы разам развітацца з Памедорам” і просяць па магчымасці абмежаваць колькасць кветак.

Аб смерці 50-гадовага Пархоця стала вядома 20 кастрычніка.

Ён быў адным з аўтараў “Музыкальной газеты”, якая выдавалася ў Мінску і асвятляла падзеі на беларускай і сусветнай музычнай сцэне. У 2012 годзе ён пераехаў у Польшчу, дзе стварыў згаданую групу ў “Фэйсбуку” (аб’яднала каля 28 тыс. чалавек). Мужчына таксама працаваў барыстам, займаўся бізнэсам.

23 кастрычніка адзін з арганізатараў збору, сябар і калега Пархоця Яўген Скрабутан паведаміў “Позірку“, што польская паліцыя працягвае вывучаць абставіны смерці беларуса, прычыну кампетэнтныя органы гатовы раскрыць толькі сваякам памерлага. Усе яны жывуць у Беларусі.

Запытаная сума ў 30 тыс. злотых на развітанне, перавозку (праху), іншыя спадарожныя працэдуры і пахаванне памерлага ў Беларусі была сабрана наступны дзень.

Падзяліцца: