Мінск 21:27

Ціханоўская заклікала генсека АБСЕ у дыялогу з Мінскам ўздымаць пытанні вызвалення палітвязняў

13 лістапада, Позірк. Дамагацца вызвалення палітвязняў, спынення рэпрэсій і вайны Расіі супраць Украіны падчас кантактаў з беларускімі ўладамі заклікала дэмлідар Святлана Ціханоўская генеральнага сакратара АБСЕ Ферыдуна Сінірліёглу на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне 13 лістапада.

“Важна, каб кожны кантакт з рэжымам дапамагаў дамагчыся канкрэтных вынікаў — вызвалення людзей, спынення пераследу і крокаў да міру”, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба.

Прадстаўнік Турцыі Сінірліёглу наведаў Мінск 3–4 лістапада. Гэта быў яго першы афіцыйны візіт у Беларусь на пасадзе генеральнага сакратара АБСЕ. Ён сустрэўся з Александрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым, а таксама ўдзельнічаў у “Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы”. Па выніках візіту ён “пацвердзіў цэнтральную ролю АБСЕ як пляцоўкі для дыялогу і дыпламатычнага ўзаемадзеяння”.

Напярэдадні прыезду генсека кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка назваў візіт “нелагічным” і “неадэкватным” з улікам масавых рэпрэсій у Беларусі і падтрымкі Мінскам расійскай агрэсіі супраць Украіны. Ён заклікаў Сінірліаглу ўзняць пытанне вызвалення палітвязняў і спынення пераследу за палітычныя погляды.

Як паведамляў “Позірк“, 3 лістапада Лукашэнка на выступіў на канферэнцыі з крытыкай АБСЕ, заявіўшы, што арганізацыя “магла б нармальна працаваць, калі б ёй дазволілі“.

Паводле яго сцвярджэння, АБСЕ апынулася “далёка на задворках не толькі сусветных, але і еўрапейскіх працэсаў”.

Спікер таксама раскрытыкаваў дзейнасць арганізацыі па назіранні за выбарамі, абвінаваціўшы арганізацыю ў прадузятасці ў дачыненні да Беларусі і Расіі. Пры гэтым улады ў Мінску фактычна перашкаджалі прадстаўнікам структур АБСЕ ўдзельнічаць у апошніх электаральных працэдурах у Беларусі.

Падзяліцца: