Мінск 11:26

Будаўніцтва жылля для шматдзетных скарацілася на 21% у гадавым вымярэнні

Ілюстрацыйнае фота: Artem Labunsky / unsplash.com

21 кастрычніка, Позірк. У студзені — верасні 2024 года арганізацыі ўсіх форм уласнасці пабудавалі 28,4 тыс. новых кватэр — на 1,4% менш, чым за аналагічны перыяд 2023 года (28,8 тыс.), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У эксплуатацыю ўведзена 2 млн 699,9 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля (+2,5%; 2 млн 633 тыс.).

Для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні ўмоў, за восем месяцаў пабудавана 915 тыс. кв. м жылля (-7,8%; 992,1 тыс.), у тым ліку з дзяржпадтрымкай — 590,6 тыс. (-14,8%; 692,8 тыс.). У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 987,8 тыс. кв. м жылля (+12,4%; 878,6 тыс.).

Для шматдзетных сем’яў уведзена 352,8 тыс. кв. М (-20,8%; 445,7 тыс.).

Да пытання падтрымкі шматдзетных сем’яў “падыход павінен быць дыферэнцыраваны”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы 15 кастрычніка даклад пра ўдасканаленне сацыяльнай падтрымкі насельніцтва.

“Па жыллі мы 100% вырашым пытанне, а гэта — найважнейшае пытанне, — падкрэсліў спікер. — Мы таксама вырашаем пытанне па сямейным капітале. Прынялі вельмі сур’ёзныя рашэнні. Таму тут нам трэба вельмi акуратна дзейнiчаць i глядзець, што нам трэба, што не трэба. А галоўнае — мы можам ці не можам. “Верталётных” грошай быць не павінна. У гэтай праблеме я ўжо звяртаў вашу ўвагу не адзін раз, каб не чохам прымаць рашэнні”.

Лукашэнка заяўляе пра падтрымку шматдзетных сем’яў, неабходнасць стымулявання нараджальнасці ўжо некалькі дзясяткаў гадоў.

1 сакавіка 1999 года на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ ён заявіў, што “найбліжэйшым часам” дзяржава прыме “беспрэцэдэнтныя рашэнні”. “Галоўнае — гэта жыллё. Калі трэцяе дзіця нарадзілася і ты, умоўна, атрымліваеш бясплатна кватэру ад дзяржавы, думаю, будуць нараджаць”, — сказаў Лукашэнка.

У тым жа годзе напярэдадні Міжнароднага жаночага дня (8 сакавіка) ён пажадаў, каб беларускі нараджалі больш дзяцей: “Гэта і для краіны вельмі важна. Двое вашых, а трэці — мой. Гэта жалезабетонна”.

Падчас паслання народу і парламенту ў 2011 годзе Лукашэнка пераказаў размову з “жаночым калектывам на нейкім заводзе”, дзе былі “адны маладыя жанчыны”. “І яны пачалі казаць пра дзяцей. Я кажу: “Давайце дамовімся: трэцяе дзіця — гэта маё і крыху ваша. Чацвёртае — сто працэнтаў, і пятае, і наступныя — гэта мае. Згодныя?” Маўчаць… Я кажу: “Чаго вы маўчыце?” [Адказваюць:] “А-а, дык нараджаць жа трэба”. “Ну вось нараджаць я за вас, — кажу, — не магу”.

21 жніўня 2014 года на нарадзе па фармаванні новага механізму дзяржпадтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, ён заявіў, што “двое дзяцей — гэта абавязкова”, а “а нараджэнне траіх, чацвярых трэба стымуляваць”. “Па меры скарачэння льгот грошы будуць накіроўвацца менавіта сюды, — сказаў спікер. — Пакуль я прэзідэнт, гэтая сфера не будзе абдзеленая ўвагай… Калі ў нас увогуле не будзе грошай на льгатаванне і будаўніцтва жылля, то апошнія сродкі мы аддамо менавіта шматдзетным сем’ям на будаўніцтва жылля… Наша задача <…> вырашыць стратэгічную задачу росту колькасці жыхароў Беларусі”.

Паводле даных Белстата, у 2023 годзе арганізацыі ўсіх форм уласнасці пабудавалі 47,4 тыс. кватэр, што на 4,01% менш, чым годам раней (49,4 тыс.), і на 9,54% менш, чым у 2021-м (52,4 тыс.). На працягу мінулага года ў эксплуатацыю было ўведзена 4 млн 193,7 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля (-0,79%; 4 млн 226,2 тыс.; -4,41%; 4 млн 387,3 тыс. адпаведна).

Еўразійская эканамічная камісія паведамляла, што ў 2023 годзе Беларусь заняла 4-е месца сярод пяці членаў ЕАЭС паводле ўводу жылля ў эксплуатацыю.

Падзяліцца: