Мінск 11:21

ДМК лічыць, што забарона на перамяшчэнне па тэрыторыі Латвіі беларускіх аўто негатыўна адаб’ецца на звычайных людзях

21 кастрычніка, Позірк. Забарона на перамяшчэнне па тэрыторыі Латвіі легкавых аўто на беларускай рэгістрацыі, што ўступае з 31 кастрычніка ў сілу, негатыўна адаб’ецца на звычайных людзях, якія маюць роднасныя сувязі, падарожніках, турыстах, заявіў Дзяржаўны мытны камітэт.

На думку ДМК, “рашэнне латвійскага боку супярэчыць прынцыпам цывілізаванага грамадства, паколькі накіравана на ўшчамленне магчымасцей і інтарэсаў сваіх жа грамадзян”.

Паводле звестак камітэта, толькі за апошнія выхадныя праз пункт пропуску “Грыгараўшчына” ў Латвію і з яе прайшло каля 800 легкавых аўто, сярод якіх многія перасякалі беларуска-латвійскую мяжу па сямейных прычынах.

У мытным ведамстве адзначылі, што з 31 кастрычніка 2024 года па тэрыторыі Латвійскай Рэспублікі будзе забаронена перамяшчэнне зарэгістраваных у Беларусі транспартных сродкаў, якія адпавядаюць коду ТНВЭД 8703 — механічныя транспартныя сродкі, прызначаныя для перавозкі людзей умяшчальнасцю менш як 10 чалавек.

Забарона не распаўсюджваецца на аўтобусы, якія ажыццяўляюць рэгулярныя міжнародныя аўтамабільныя перавозкі паміж Беларуссю і Латвіяй, за выключэннем выпадкаў, калі гэтыя транспартныя сродкі адпавядаюць пазіцыі 8703.

Дапускаецца выкарыстанне ў дарожным руху на тэрыторыі Латвіі беларускіх транспартных сродкаў, прызначаных для дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў.

Адзначаецца, што інфармацыя па забароне і выключэннях з яе афіцыйна атрымана Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе ад Міністэрства замежных спраў Латвіі. Ці атрымана аналагічная інфармацыя пасольствам Беларусі ў Рызе ў ведамстве не ўдакладнілі.

12 верасня Сейм Латвіі прыняў папраўкі да закона “Аб дарожным руху”, паводле якіх з 1 лістапада ўводзіцца забарона на знаходжанне ў краіне транспартных сродкаў з беларускай рэгістрацыяй.

Да 31 кастрычніка аўтамабілі з беларускімі нумарамі павінны быць або перарэгістраваны для выкарыстання ў Латвіі, або вывезены з краіны. У адваротным выпадку транспарт можа быць канфіскаваны.

Папраўкі прадугледжваюць, што пасля ўстаноўленага тэрміну зарэгістраваныя ў Беларусі аўтамабілі змогуць уехаць у Латвію толькі адзін раз для транзітнага перасячэння тэрыторыі краіны, загадзя падаўшы заяўку праз сістэму электронных паслуг Дырэкцыі бяспекі дарожнага руху.

Выключэнне зроблена для транспарту дыпламатычных і консульскіх службаў, пасольства і дэлегацый Беларусі, якія могуць уязджаць у Латвію “з мэтай перамяшчэння”, а таксама аўтамабіляў, якія прызначаны “толькі для гуманітарных мэт, у тым ліку для эвакуацыі або рэпатрыяцыі людзей”.

На спецыяльна абсталяваных аўтамабілях з беларускімі нумарамі змогуць уязджаць асобы з абмежаванымі магчымасцямі перамяшчэння — для наведвання бацькоў, дзяцей або мужа.

Акрамя таго, Міністэрства замежных спраў Латвіі можа хадайнічаць аб уездзе ў краіну аўто з беларускімі нумарамі ў выпадку, звязаным з “канкрэтным пытаннем нацыянальнай бяспекі”. Адказная за выкананне санкцый Служба фінансавай разведкі, разгледзеўшы гэты выпадак, зможа выдаць дазвол на ўезд на тэрмін да 3 месяцаў.

За прыняцце паправак прагаласавалі 77 дэпутатаў, супраць — 9.

Падзяліцца: