Мінск 22:27

Журналіст Ігар Ільяш затрыманы за інтэрв’ю “экстрэмісцкім” СМІ (дапоўнена)

Фота: сацсеткі Ігара Ільяша

22 кастрычніка, Позірк. Журналіст Ігар Ільяш — муж журналісткі-палітзняволенай Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) — затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ, паведамляе ппраўладны рэсурс.

Заяўляецца, што тым самым ён займаўся “садзейнічаннем экстрэмісцкім фарміраванням”.

Таксама сцвярджаецца, што журналіст ажыццяўляў “збор звестак для замежных разведак — даваў каментары ўкраінскім выданням”.

На відэа, якое распаўсюдзілі сілавікі на праўладным тэлеграм-канале, паказана, што Ільяша затрымлівала чацвёра байцоў атрада спецыяльнага прызначэння МУС “Беркут” у поўнай амуніцыі. Пры затрыманні таксама прысутнічала мінімум два чалавекі, якія здымалі тое, што адбывалася, на камеру.

На відэа Ільяш паведаміў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся кадравым супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам.

“Цягам гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыям, у ліку якіх былі і рэсурсы, прызнаныя на тэрыторыі Беларусі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” ў той ці іншы час”, — сказаў ён.

Журналіст асобна згадвае, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся за інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў “украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне з нагоды магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну”.

Адзначым, што Ільяш у сваіх каментарах СМІ ў большасці выпадкаў выказваў асцярогі за здароўе жонкі.

Андрэева была затрыманая разам са сваім аператарам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яна вяла прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі (“Плошча перамен” — двор на вул. Чарвякова ў Мінску).

У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў “арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (арт. 342 КК), і прыгаварыў да двух гадоў калоніі.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.

13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да 8 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была прысуджаная да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы. Адлік вядзецца з моманту затрымання восенню 2020 года.

20 верасня Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў гэты прыгавор у сіле. Разам з тым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачвання — “выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве” замененая на “шпіянаж”.

3 верасня таго ж года Чульцова выйшла на волю. Цяпер жыве ў Польшчы.

За інтэрв’ю незалежным СМІ, прызнаным “экстрэмісцкімі”, у Беларусі пераследуюць у крымінальным парадку.

У сакавіку 2023 года да 3,5 года пазбаўлення волі была прыгавораная былы дацэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (МДЛУ) Наталля Дуліна. Яе прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Працэс быў закрытым. Паведамлялася, што выкладчыка затрымалі за інтэрв’ю “Еўрарадыё” (прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”), удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і за тое, што “адкрывала план “Перамога”.

У снежні 2022-га да 5 гадоў зняволення прыгаварылі вайсковага эксперта Ягора Лебядка. Яму інкрымінавалі арт. 3614 — ч.1 (вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а роўна іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 (тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў). Крымінальная справа на яго была заведзеная за два інтэрв’ю “Еўрарадыё”.

Згодна з матэрыяламі справы, “Л. у красавіку і траўні 2022 года з персанальнага камп’ютара, які знаходзіўся ў яго карыстанні, для забеспячэння дзейнасці публічнага канала, інфармацыйная прадукцыя якога прызнаная судом экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв’ю прадстаўніку такога рэсурсу на тэму правядзення Узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Рэспублікі Беларусь”.

На думку следства, гэтыя інтэрв’ю “спрыялі распаўсюджванню ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Беларусі, прававым становішчы яе грамадзян”, што ў выніку “дыскрэдытавала Рэспубліку Беларусь”.

У студзені 2023 года да 2 гадоў пазбаўлення волі была прыгавораная Дар’я Лосік — жонка палітвязня, блогера Ігара Лосіка. Прызнаная вінаватай паводле ч. 1 арт. 3614 КК за інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”. Выйшла на волю па памілаванні 3 ліпеня 2024 года незадоўга да заканчэння тэрміну пакарання.

Падзяліцца: