Мінск 18:10

Украінскі спецамбасадар Кізім выказаў асцярогі наконт далейшага праўлення Лукашэнкі ў Беларусі

Архіўнае фота: БелаПАН

24 кастрычніка, Позірк. Асцярогі наконт далейшага праўлення Аляксандра Лукашэнкі выказаў амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім у каментарыі пра прызначаныя на 26 студзеня 2025 года прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

“Лукашэнка ідзе на выбары, калі так можна назваць у цяперашніх беларускіх рэаліях, — напісаў дыпламат на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”. — Ён сказаў пра гэта ўчора ў інтэрв’ю расійскаму тэлеканалу. Відавочна, што сёмы раз ён выйдзе “пераможцам”.

Кізім адзначыў, што гэта магло б тычыцца выключна беларускага грамадства, “калі б Беларусь не стала саўдзельнікам расійскай узброенай агрэсіі супраць Украіны і не стварыла міграцыйны крызіс на межах з ЕС”.

“Менавіта падчас яго цяперашняга тэрміну Беларусь, якая лічылася больш-менш нейтральнай краінай у цэнтры Еўропы, стала крыніцай пагроз, перш за ўсё для суседзяў, краінай-суагрэсарам, краінай, з тэрыторыі якой гучаць ядзерныя пагрозы, а таксама краінай з цяжка прадказальнай і не самастойнай знешняй палітыкай, якая цалкам залежыць ад капрызу Крамля”, — падкрэсліў ён.

Кажучы пра тое, чаго можна далей чакаць Украіне ад цяперашняга рэжыму ў Мінску, украінскі спецамбасадар прывёў словы Лукашэнкі з інтэрв’ю журналісту ВПС Стыву Розенбергу пра расійска-ўкраінскую вайну: “Гэта я яшчэ па мінімуму ўцягнуты ў гэты канфлікт. А можна сказаць увогуле не ўцягнуты”. “Праўда, вельмі падобна на пуцінскае “мы яшчэ не пачыналі”, — адзначыў Кізім.

Яшчэ больш цікавай ён назваў заяву Лукашэнкі пра напад РФ на Украіну з тэрыторыі Беларусі ў лютым 2022 года. “Ну вярталіся сабе расійскія войскі да сябе з вучэнняў на поўдні Беларусі, а потым раз — і павярнулі на Кіеў, — інтэрпрэтаваў словы палітыка дыпламат. — Але неяк не тлумачыць, чаму адначасова паляцелі ракеты і бомбы па ўкраінскай тэрыторыі з беларускіх аэрадромаў і чаму гэтае ўварванне цягнулася не адзін месяц. Хоць не, тлумачыць, — “спытайце ў Зяленскага”. Нармальна”.

“Знаходзячыся ў той час у Мінску, я памятаю тыя “бляянні ягнят” (ці іх маўчанне), якімі тлумачылі тамтэйшыя дыпламаты і чыноўнікі відавочны факт расійскай агрэсіі і яе падтрымкі беларускай уладай. Прынамсі да таго, як іх кіраўніку не падрыхтавалі адпаведныя тэзісы, якія ён дагэтуль выкарыстоўвае падчас такіх інтэрв’ю”, — дадаў ён.

Паводле слоў Кізіма, Лукашэнка “наогул мала што мяняе ў сваіх ацэнках і тлумачэннях (якія яму ўпіхнулі ў галаву КДБ і СВР), хіба што ў бок нагнятання і дадання “жахлівых” прыкладаў”.

“Так, у адказ Розенбергу на пытанне, чаму ён не падтрымаў Украіну, ён зноў панёс такую лухту, што нават я здзівіўся… Прычынай называюцца і санкцыі, і захоп вагонаў, і арышт аўтамабіляў з кіроўцамі (якіх ён нібыта вызваліў, правёўшы спецаперацыю), і пяцёра забітых беларусаў, целы якіх нібыта “расчлянілі, каб мы не зразумелі, як яны загінулі”, — звярнуў увагу спецамбасадар.

Кізім нагадаў, што “першыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на яе саўдзел у расійскай агрэсіі Украіна ўвяла толькі ў лістападзе 2022 года”, сітуацыя з вагонамі і аўтамабілямі таксама адбылася “ўжо пасля пачатку агрэсіі” і стала “апраўданай рэакцыяй з украінскага боку”.

“Аперацыя “па вызваленні” — гэта было банальнае выкарыстанне сітуацыі з абменам украінскіх кіроўцаў, якія вярталіся з Расіі праз Брэст на расійскіх, якія ехалі ў Расію, — падкрэсліў ён. — Беларусь патрабавала дадаць сваіх кіроўцаў (іх і так планавалі аддаць пазней) у спісы расіян. Але самым цікавым у “тлумачэннях” выглядае павелічэнне колькасці беларусаў, якіх “расчлянілі”. У папярэдніх інтэрв’ю, я памятаю, гаворка ішла пра двух, а зараз ужо пра пяцёрых”.

“Што будзе далей? Кажу гэта без асаблівага сарказму, а тым больш самаздаволення. Мой каментарый, перш за ўсё, для таго, каб зразумець, чаго чакаць не толькі беларусам, але і нам, украінцам і іншым краінам нашага рэгіёна ад знаходжання ва ўладзе гэтага чалавека яшчэ наступныя пяць гадоў”, — падсумаваў Кізім.

Лукашэнка: Беларусь не давала РФ тэрыторыю для нападу на Украіну, гэта Пуцін завярнуў войскі на Кіеў

24 кастрычніка, Позірк. Беларусь не давала Расіі тэрыторыю для "заходу ва Украіну", заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка ў інтэрв'ю BBC. “У нас [у лютым 2022 года] былі вучэнні, на якіх было задзейнічана некалькі тысяч чалавек расійскіх войскаў. Гэтыя войскі былі …
Падзяліцца: