Мінск 10:29

МЗС кпліва нагадаў пра хуткую канфіскацыю аўтамабіляў на беларускіх нумарах у Латвіі

24 кастрычніка, Позірк. МЗС Беларусі кпліва нагадаў, што праз тыдзень, 31 кастрычніка, у Латвіі ўступіць у моц норма аб забароне перамяшчэння па краіне аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі.

“Аўтамабілі, не пастаўленыя на ўлік у Латвіі і не вывезеныя за яе межы да 31 кастрычніка, павінны быць канфіскаваныя латвійскімі ўладамі. Вось так вось выразна і дэмакратычна, па-суседску”, — гаворыцца ў тэлеграм-канале ведамства, якое апошнія гады пераймае агрэсіўную рыторыку расійскіх дыпламатаў.

Адзначаецца, што забарона пакуль не распаўсюджваецца на аўтобусы, якія ажыццяўляюць рэгулярныя міжнародныя аўтамабільныя перавозкі, за выключэннем выпадкаў, калі гэтыя транспартныя сродкі адпавядаюць таварнаму коду 8703 (аўтамабілі і іншыя маторныя транспартныя сродкі, прызначаныя галоўным чынам для перавозкі менш за 10 чалавек, уключаючы ўніверсалы і гоначныя аўтамабілі).

У МЗС панаракалі, што цяпер беларусам “будзе яшчэ складаней наведаць сваякоў і сяброў”, і прапанавалі запрашаць латышскіх сваякоў у Беларусь.

29 чэрвеня Савет Еўрасаюза ўхваліў новыя абмежавальныя меры эканамічнага характару адносна Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Сярод іншага была пашыраная забарона на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЕС прычэпамі і паўпрычэпамі з беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.

З 16 ліпеня асобам на легкавых аўтамабілях з беларускімі нумарамі забаронена ўязджаць у ЕС праз пункты пропуску на мяжы Латвіі з Беларуссю і Расеяй, з 18 ліпеня — праз Літву.

1 жніўня галоўны дарадца дэмакратычнага Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў каментары “Позірку” паведаміў, што Латвія пайшла на саступкі і значна змякчыла прапускны рэжым аўтамабіляў з беларускімі нумарамі.

У індывідуальным парадку дазвол на ўезд у Латвію можа даць служба фінансавай разведкі — спецыяльнае ведамства, якое будзе сачыць за выкананнем міжнародных санкцый, пры ўмове, калі аўтамабіль з беларускімі нумарамі ўвозіцца ў Латвію не для продажу.

Прасіць дазволу могуць: грамадзяне Латвіі, якія хочуць уехаць на сваёй легкавой машыне, зарэгістраванай у Беларусі, або прыехаць на аўтамабілі, які належыць блізкаму сваяку (рэзідэнту Беларусі); грамадзяне Беларусі, якія маюць дзейную візу або від на жыхарства і жадаючыя ўехаць на ўласнай машыне, зарэгістраванай у Беларусі.

30 верасня праваабарончы цэнтр “Вясна” прывёў статыстыку, згодна з якой фігурантамі палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі за апошнія гады стала не менш 59 замежных грамадзян, 30 з іх знаходзяцца ў няволі і прызнана палітвязнямі. Адзначаецца, што пад крымінальны пераслед палітычнага характару траплялі грамадзяне Германіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Швейцарыі і Швецыі.

Падзяліцца: