Мінск 21:37

Міжнародны інстытут прэсы запатрабаваў вызвалення журналістаў Ільяша і Палянскага

Фота: БАЖ

25 кастрычніка, Позірк. Вызвалення беларускіх журналістаў Ігара Ільяша і Данііла Палянскага запатрабаваў Міжнародны інстытут прэсы (IPI).

Часовы выканаўчы дырэктар арганізацыі Скот Грыфен заявіў, у прыватнасці, што “затрыманне Ігара Ільяша і Данііла Палянскага — не больш чым працяг рэпрэсіўнай практыкі, распаўсюджанай у Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі”.

“Дзясяткі журналістаў былі арыштаваныя з тых часоў, як у 2020–2021 гадах Беларусь узрушылі маштабныя пратэсты. Мы патрабуем вызвалення работнікаў СМІ, якія апынуліся за кратамі ўсяго толькі за выкананне сваёй працы”, — падкрэсліў Грыфен.

“Беларускія СМІ працуюць у выключна варожым асяроддзі. Незалежныя выданні забароненыя як “экстрэмісцкія” і вымушаныя працаваць у выгнанні, паколькі супрацоўніцтва з “экстрэмісцкай” групай з’яўляецца крымінальным злачынствам у Беларусі”, — адзначае IPI.

22 кастрычніка стала вядома, што журналіст Ігар Ільяш — муж журналісткі-палітзняволенай Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) — затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ.

Праўладны рэсурс сцвярджаў, што тым самым ён займаўся “садзейнічаннем экстрэмісцкім фарміраванням”. Таксама паведамлялася, што журналіст ажыццяўляў “збор звестак для замежных разведак — даваў каментарыі ўкраінскім выданням”.

На відэа, якое распаўсюдзілі сілавікі, паказана, што Ільяша затрымлівала чацвёра байцоў атрада спецыяльнага прызначэння МУС “Беркут” у поўнай амуніцыі. Пры затрыманні таксама прысутнічала мінімум два чалавекі, якія здымалі тое, што адбывалася, на камеру.

На відэа Ільяш паведаміў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся кадравым супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам.

“Цягам гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыям, у ліку якіх былі і рэсурсы, якія былі прызнаныя на тэрыторыі Беларусі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” ў той ці іншы час”, — сказаў ён.

Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся за інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў “украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне з нагоды магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну”.

16 кастрычніка паведамлялася, што ў дачыненні да брэсцкага журналіста Данііла Палянскага распачатая справа паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве).

Адзначалася, што з Палянскім знікла сувязь 19 верасня, перад гэтым ён ездзіў у Расію да сваякоў. Пасля вяртання яго затрымалі супрацоўнікі КДБ.

Журналісту 53 гады, у якасці відэааператара ён супрацоўнічаў з рознымі тэлеканаламі і рэгіянальнымі сайтамі. Быў валанцёрам пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”.

Паводле звестак БАЖ, у месцах несвабоды знаходзіцца 36 прадстаўнікоў медыя.

5 жніўня IPI запатрабаваў вызвалення беларускіх журналістаў-палітвязняў Яўгена Глушкова і Аляксандра Сабалеўскага.

Падзяліцца: