Мінск 23:22

Лукашэнка назваў сваю Службу бяспекі “самым элітным падраздзяленнем” у Беларусі

25 кастрычніка, Позірк. Аб тым, што Служба бяспекі прэзідэнта абсталявана “самымі сучаснымі тэхнікай, зброяй, сродкамі абароны і з’яўляецца адным з найбольш баяздольных і падрыхтаваных воінскіх фарміраванняў”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 кастрычніка падчас урачыстага сходу, прымеркаванага да 30-годдзя з дня ўтварэння СБП.

“Вы вельмі важнае, надзейнае звяно ў сістэме нацыянальнай бяспекі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Нездарма ваш дэвіз — “Служба без права на памылку” (ужо сапраўды, права на памылку ў вас няма). Так, вашы поспехі часцей за ўсё так і застаюцца пад грыфам “сакрэтна”. Вы павінны быць эфектыўнымі і нябачнымі”.

Ён лічыць, што СБП стваралася ў “найскладаны перыяд хвацкіх дзевяностых”: “Пасля першых прэзідэнцкіх выбараў перада мной рубам паўстала пытанне аб тым, як павінен быў выглядаць сілавы блок краіны. І каму даверыць бяспеку вышэйшых службовых асоб Беларусі, спецыяльных аб’ектаў і высокіх замежных гасцей на тэрыторыі Беларусі”.

Таму ў першы склад СБП, паводле яго сцвярджэння, адбіралі “лепшых з сілавых структур”: “Патрэбны былі не проста прафесіяналы ў пагонах. А, па-першае, самаахвярна адданыя сваёй краіне афіцэры, разумныя і адказныя патрыёты, якія выконваюць воінскі абавязак і не здрадзяць за 30 срэбранікаў. Дашлі лепшыя з лепшых. Гэтая практыка захоўваецца да гэтага часу”.

Лукашэнка лічыць, што любы з супрацоўнікаў СБП у выпадку надзвычайных абставінаў “закрые сабой не толькі ахоўную асобу, але і мірных грамадзян, жанчын, старых, дзяцей, у рэшце рэшт, — сваю краіну”.

Ён назваў супрацоўнікаў “рэзервам для любых галін, не толькі вайскоўцаў”, паколькі яны дрыжаць “служыць краіне і народу нават пасля звальнення ў запас у розных арганізацыях: “Выдатна зарэкамендавалі сябе на адказных дзяржаўных пасадах, у тым ліку высокіх. Так будзе і надалей”.

“У вас павінна быць дакладная арганізацыя, дысцыпліна і сістэма. Калі ў чымсьці ў вас няма сістэмы, вы яе стварыце. Але сістэма мусіць быць заўсёды. Каб было бачна, што гэта афіцэры самага элітнага падраздзялення ў нашай краіне. Выразнасць і сістэмнасць, прадуманасць — гэта галоўнае ў вашай службе”, — падкрэсліў Лукашэнка, звяртаючыся да супрацоўнікаў службы.

Паводле яго слоў, яны — “самыя падрыхтаваныя байцы з выдатнай фізічнай падрыхтоўкай і дасканалым валоданнем зброяй”.

“Час складаны, — адзначыў ён. — Я ўсё раблю для таго, каб нам не прыйшлося браць у рукі зброю, каб страляць. Толькі ў навучальных мэтах. Але калі будзе цяжка, вы павінны ведаць, што мы пойдзем наперадзе. Вы пойдзеце наперадзе, у тым ліку і прэзыдэнт. Такое наша жыццё. Але давайце будзем рабіць усё, каб гэтага не адбылося”.

Лукашэнка 30 красавіка падпісаў указ № 183 аб устанаўленні юбілейнага медаля “30 год Службе бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

Узнагароджваць юбілейным медалём будуць ваеннаслужачых і грамадзянскі персанал СБП за “ўзорнае выкананне службовых абавязкаў”, а таксама яе ветэранаў і іншых асоб, у тым ліку замежных дзяржаў, за “значны ўклад у развіццё і ўдасканаленне дзейнасці ў сферы дзяржаўнай аховы, арганізацыю ўзаемадзеяння дзяржорганаў і іншых структур са Службай бяспекі”.

СБП была створана на базе ўпраўлення аховы і групы “Альфа” КДБ, а таксама Галоўнага ўпраўлення дзяржаховы МУС 25 кастрычніка 1994 года спецыяльным указам Лукашэнкі.

Яе структура складаецца са штаба, упраўленняў аховы аб’ектаў, асабістай аховы і тылавога забеспячэння, спецыяльнага антытэрарыстычнага падраздзялення “Анты-Т”.

Служба бяспекі Лукашэнкі адыграла важную ролю ў сілавым забеспячэнні барацьбы з апанентамі падчас канстытуцыйнага крызісу 1996 года.

Таксама ў наступныя гады яе супрацоўнікі ў цывільным, нароўні з міліцыянтамі, часта сачылі за санкцыянаванымі і несанкцыянаванымі акцыямі пратэсту.

Падзяліцца: