Мінск 11:12

Грамадзянам Беларусі зноў рэкамендавана не наведваць Блізкі Усход

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

26 кастрычніка, Позірк. Чарговае абвастрэнне сітуацыі ў рэгіёне Блізкага Усходу “небяспечнае некантраляванай эсклацыяй гвалту і выклікае крайнюю занепакоенасць”, заявіла 26 кастрычніка Міністэрства замежных спраў Беларусі.

“Нагадваем грамадзянам пра рэкамендацыі ад 2 кастрычніка 2024 года адносна неабходнасці ўстрымацца ад паездак у краіны рэгіёну, — адзначыла знешнепалітычнае ведамства на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Грамадзянам Беларусі, якія жывуць або знаходзяцца ў цяперашні час у закранутых канфліктам дзяржавах, неабходна няўхільна прытрымлівацца рэкамендацый уладаў, выконваць правілы асабістай бяспекі”.

Самай раніцай 26 кастрычніка Ізраіль нанёс удары па шэрагу раёнаў Ірана і сталіцы краіны — Тэгеране. Армія абароны (ЦАХАЛ) заявіла, што атакавала вайсковыя аб’екты — месцы вытворчасці балістычных ракет, батарэі СПА — агулам 20 пунктаў. Ізраіль назваў свае дзеянні адказам на “шматмесячныя бесперапынныя атакі рэжыму ў Іране”.

МЗС Ірана асудзіла дзеянні Ізраіля і, спаслаўшыся на Статут ААН, заявіла пра права і абавязак “абараняцца ад замежных актаў агрэсіі”. Дзяржаўнае агенцтва “Таснім” паведаміла, што Тэгеран “выкарыстае ўсе магчымасці іранскай нацыі для абароны сваіх інтарэсаў і бяспекі”.

Увечары 1 кастрычніка Іран выпусціў па ізраільскай тэрыторыі каля 180 балістычных снарадаў. Перад атакай у прыгарадзе Тэль-Авіва Яфа тэрарысты расстралялі людзей на прыпынку грамадскага транспарту. Загінула не менш за сем чалавек. Яшчэ 16 атрымалі параненні рознай ступені цяжкасці.

Корпус абаронцаў ісламскай рэвалюцыі (КАІР) заявіў, што атака стала адказам на забойства лідара ХАМАС Ісмаіла Ханіі, лідара “Хезбалы” Хасана Насралы і камандуючага КАІР Абаса Нільфрушана 20 верасня ў Бейруце.

Сітуацыя на Блізкім Усходзе абвастрылася, калі 7 кастрычніка 2023 года на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа ўварваліся баевікі ваеннага крыла руху ХАМАС. Адначасова з Газы пачаўся інтэнсіўны ракетны абстрэл ізраільскай тэрыторыі. У выніку тэрарыстычнага нападу ў Ізраілі загінула 1,2 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпела 7,3 тыс.

У адказ Ізраіль пачаў ваенную аперацыю. Міністэрства аховы здароўя Газы (дзейнічае пад кантролем ХАМАС) заяўляе, што з кастрычніка мінулага года забіта каля 42 тыс. чалавек, у выніку ізраільскай аперацыі паранена каля 97 тыс. Паводле даных мінздароўя Палестынскай аўтаноміі, якія ААН лічыць сапраўднымі, больш за 39% забітых у Газе — мужчыны прызыўнога ўзросту, 19% — жанчыны, 32% — непаўналетнія, больш за 8% — людзі сталага веку (ад 60 і больш). Ізраіль заяўляе, што з пачатку вайны ў Газе ліквідавана або ўзята ў палон каля 14 тыс. баевікоў і іх камандзіраў (ХАМАС прызнае гібель прыкладна 6 тыс. баевікоў).

Паводле даных ААН, каля 1,7 млн жыхароў сектара Газы было вымушана пакінуць свае дамы. 1,3 млн перамешчаных жыхароў Газы пражывае ў сховішчах на поўдні сектара.

Падзяліцца: