Мінск 09:09

Ганна Канапацкая падала ў ЦВК дакументы для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах

Ганна Канапацкая дае інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму (муж Святланы Ціханоўскай, цяпер палітвязень) для яго ютуб-канала "Краіна для жыцця", 2019 год
Скрыншот: "Позірк"

31 кастрычніка, Позірк. У Цэнтральную выбарчую камісію 31 кастрычніка прадстаўленыя дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння Ганны Канапацкай кандыдатам у прэзідэнты, паведамляе прэс-служба ЦВК.

48-гадовая Канапацкая — юрыст, займалася бізнэсам, была сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) з 1995 па 2019 гады.

Была кандыдатам у прэзідэнты ў 2020 годзе; паводле афіцыйных даных, набрала 1,68% (каля 98 тыс. галасоў).

28 ліпеня 2020 года, за два тыдні да выбараў, Канапацкая апублікавала зварот да дэ-факта фаварыта гонкі Святланы Ціханоўскай, абвінаваціла ў тым, што тая хоча перашкаджаць ёй працягваць удзел у выбарчай кампаніі: “Больш за 20 гадоў я ішла да гэтай кампаніі, насуперак усім абставінам, ішла да магчымасці ажыццявіць мірныя пераўтварэнні ў нашай краіне, накіраваць Беларусь на шлях еўрапейскай інтэграцыі. І цяпер на гэтым шляху апынуліся вы, з вашымі маргінальнымі ідэямі, якія маюць на мэце разбурыць сістэму дзяржаўнага кіравання ў нашай краіне”.

У 2016 годзе Канапацкая была абраная дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Сёлета 25 кастрычніка ў тэлеграм-канале Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) з’явілася паведамленне, што Канапацкая “пачала фармаваць сваю ініцыятыўную групу” і з гэтай прычыны звяртаецца да сябраў ліквідаванай уладамі партыі “з прапановай увайсці ў склад яе ініцыятыўнай групы”. БСДП заклікала “ўстрымацца ад удзелу ў складзе сябраў ініцыятыўных груп любых кандыдатаў у выбарчай кампаніі-2025 і не паддавацца на правакацыі”.

30 кастрычніка дакументы ў ЦВК прадставіла былая прэс-сакратар МУС, цяпер начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава.

У той жа дзень у ЦВК былі пададзеныя дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўных груп Алега Гайдукевіча (старшыня праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, давераная асоба Лукашэнкі на выбарах-2020) і Аляксандра Хіжняка (старшыня праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці).

29 кастрычніка ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за Лукашэнку. На пасяджэнні таксама былі разгледжаныя заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп Аляксандра Драздова (публічных звестак пра яго няма) і лідара апазіцыйнага Руху “За Свабоду” (у Беларусі ліквідаванае, працягнула дзейнасць у выгнанні) Юрыя Губарэвіча. Абедзве аднагалосна адхіленыя.

Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Тэрмін рэгістрацыі ініцыятыўных груп заканчваецца 1 лістапада.

31 кастрычніка адбудзецца чарговае пасяджэнне ЦВК, на якім, як мяркуецца, будуць разгледжаны наяўныя заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп.

Падзяліцца: