Мінск 09:31

Трое вядучых акцёраў звольненыя з РТБД пасля затрымання — СМІ

Фота: travelagency.by

1 лістапада, Позірк. Акцёры Максім Брагінец, Дзмітрый Давідовіч і Арцём Курэнь звольненыя з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД), паведамляе “Наша Ніва”.

Падкрэсліваецца, што “на акцёрах трымалася значная частка самых касавых, папулярных у гледачоў спектакляў, таму ў тэатры працягваюцца вымушаныя замены ў рэпертуары”.

19 кастрычніка стала вядома пра затрыманне акцёраў. Яны былі арыштаваныя паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Тэрміны невядомыя.

Аб вызваленні артыстаў паведамлялася 30 кастрычніка.

Пасля затрымання акцёраў РТБД абвясціў пра змены ў рэпертуары, шэраг спектакляў быў адменены.

У жніўні гэтага года паведамлялася аб звальненні дырэктара тэатра Святланы Карукінай.

У выніку падзей 2020 года з тэатра сышлі многія акцёры. На знак пратэсту звольніліся Мікалай Стонька і Андрэй Новік. Пасля затрымання за ўдзел у акцыях пратэсту эміграваў Ілля Ясінскі.

У канцы 2021 года быў звольнены мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Гарцуеў, увесну 2022-га трупу пакінулі Алена Баярава, Марыя Пятровіч, Марына Здаранкова і Максім Шышко.

Кадравыя чысткі адбываліся і ў іншых тэатрах Беларусі.

Пасля масавых пратэстаў, якія сталі рэакцыяй на сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары 2020 года і гвалт з боку сілавікоў, сярод іншых пад рэпрэсіі трапіла вялікая колькасць дзеячаў культуры. Многія звольніліся ў знак пратэсту, былі вымушаныя пакінуць краіну. Адзін з найбольш паказальных прыкладаў — трупа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. Янкі Купалы, большасць якой падтрымала прыхільнікаў перамен.

Паводле звестак беларускага ПЕНа, за 2023 год было зафіксавана 1.097 парушэнняў у дачыненні да 605 дзеячаў культуры.

13 кастрычніка міністр культуры Анатоль Маркевіч заявіў аб выкараненні ў галіне “дэструктыўных элементаў”. Паводле яго слоў, пасля гэтага культурная супольнасць Беларусі “засяродзіла намаганні на вырашэнні галоўнай задачы — выхаванні годных грамадзян і патрыётаў”.

Падзяліцца: