Мінск 10:24

Новая міграцыйная стратэгія Польшчы не закране “абсалютную большасць беларусаў” — кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў

Фота: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

1 лістапада, Позірк. Новая міграцыйная стратэгія польскай дзяржавы не закране “абсалютную большасць беларусаў”, якія “легалізаваліся або плануюць легалізавацца” ў краіне, заявіў кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томаш Цытрыновіч на сустрэчы з намеснікам старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўлам Латушкам.

Пра вынікі сустрэчы Латушка паведаміў у сваім тэлеграм-канале.

Паводле слоў Цытрыновіча, польская стратэгія разлічаная ў першую чаргу на стварэнне “надзейнай заслоны для нелегальнай міграцыі”. Змены перш за ўсё будуць тычыцца тых, хто “атакуе мяжу, выкарыстоўваючы падтрымку памежнай службы Беларусі” і ўдзельнічае тым самым у “гібрыднай вайне Беларусі і Расіі супраць Польшчы”.

Чыноўнік адзначыў, што ў рамках новай міграцыйнай стратэгіі польскія ўлады будуць сярод іншага ацэньваць “мэтавае выкарыстанне віз”. Ён удакладніў, што, да прыкладу, на падставе турыстычнай візы нельга будзе працаўладкавацца ў Польшчы. “Мэта прыезду, дзеля якой атрымлівалася віза, павінна выконвацца, а яе змяненне падчас знаходжанні на тэрыторыі Польшчы хутчэй будзе магчымым толькі ў выключных сямейных абставінах”, — перадае Латушка словы Цытрыновіча.

Кіраўнік упраўлення рэкамендаваў грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў краіне, прытрымлівацца дзейных нормаў польскага заканадаўства і своечасова атрымліваць дакументы, якія адпавядаюць “рэальным абставінам знаходжання на тэрыторыі Польшчы”.

“Тыя, хто маюць легальную працу, сям’ю ў Польшчы альбо адстойвалі дэмакратычныя каштоўнасці ў Беларусі і вымушана пакінулі тэрыторыю краіны, а галоўнае — выконваюць польскае заканадаўства, не павінны перажываць за будучыя змены ў міграцыйнай палітыцы Польшчы”, — падкрэсліў Цытрыновіч.

Паводле яго інфармацыі, правам пражывання на тэрыторыі Польшчы цяпер валодаюць 137 тыс. беларусаў, з улікам асоб, якія знаходзяцца ў працэсе легалізацыі, агульная колькасць грамадзян Беларусі ў краіне можа складаць каля 200 тыс.

На сустрэчы Цытрыновіч таксама паведаміў, што ініцыяваны працэс аб прадаўжэнні выдачы праязных дакументаў (travel document) для грамадзян Беларусі з 1 студзеня 2025 года, а таксама разглядаецца магчымасць іх выдачы на двухгадовы тэрмін. Мяркуецца, што пры падрыхтоўцы такіх дакументаў будуць выкарыстоўвацца біяметрычныя даныя. Таксама, паводле яго слоў, плануецца падоўжыць тэрмін дзеяння часовага пасведчання асобы замежніка, якое цяпер выдаецца тэрмінам да 6 месяцаў.

Паводле звестак чыноўніка, у 2024 годзе беларусам выдадзена каля 1.500 праязных дакументаў, летась — 450. Рост звязаны ў тым ліку з заканчэннем тэрмінаў дзеяння пашпартоў, якія цяпер немагчыма замяніць праз консульскія ўстановы Беларусі.

Латушка ў сваю чаргу звярнуў увагу, што “ў сувязі з ростам рэпрэсій у Беларусі ў апошнія месяцы, у тым ліку напярэдадні так званай выбарчай кампаніі, будзе павялічвацца колькасць грамадзян Беларусі, <…> якія будуць звяртацца з просьбай аб міжнароднай абароне на тэрыторыі Польшчы”.

Асобна на сустрэчы разгледжана пытанне па сітуацыі з дакументамі для грамадзян Беларусі, якія пражываюць ва Уроцлаве. Цытрыновіч адзначыў, што дасягнуты “пэўныя станоўчыя зрухі” па выдачы праязных дакументаў беларусам у гэтым горадзе, але пакуль “праблемная сітуацыя захоўваецца”. Паведамляецца, што для спрашчэння працэдур легалізацыі “ў цэлым у краіне” ў наступным годзе плануецца ўвесці электронную сістэму падачы адпаведных дакументаў.

15 кастрычніка ўрад Польшчы прыняў комплексную міграцыйную стратэгію да 2030 года пад назвай “Вярніце сабе кантроль. Забяспечыць бяспеку”. Яна прадугледжвае часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак.

16 кастрычніка ў інтэрв’ю Gazeta Wyborcza прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск выказаў меркаванне, што права на прытулак павінна прадастаўляцца толькі тым людзям, якія “сапраўды падвяргаецца пераследам у сваёй краіне і вяртанне туды пагражае іх жыццю”.

У той жа дзень, рэагуючы на крытыку з боку прэзідэнта Анджэя Дуды і яго асцярогі аб распаўсюдзе новых абмежаванняў на беларусаў, Туск падкрэсліў, што “не было ніводнага выпадку, каб беларускі апазіцыянер спрабаваў нелегальна перасекчы польска-беларускую мяжу ў складзе груп, арганізаваных Лукашэнкам”.

Рашэнні ўрада, паводле сцвярджэння прэм’ер-міністра, накіраваныя не толькі на абарону мяжы з Беларуссю, але і на прадухіленне гібелі як мігрантаў, так і польскіх салдат і памежнікаў.

Падзяліцца: