Мінск 10:51

Дзясяткі грамадзян Малдовы прыехалі ў Мінск з Расіі, каб прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах

Скрыншот: дзяржСМІ

3 лістапада, Позірк. Некалькі дзясяткаў грамадзян Малдовы прыехалі ў Мінск з Расіі, каб узяць удзел у другім туры прэзідэнцкіх выбараў, вынікае з паведамленняў беларускіх дзяржаўных СМІ.

Гаворыцца пра групу, дастаўленую ў Беларусь з Курскай вобласці.

Малдаванам, якія пражываюць у Расіі, можна прагаласаваць на выбарах у Маскве, дзе адкрытыя два выбарчыя ўчасткі.

У Мінску выбарчы ўчастак адкрыты ў амбасадзе Малдовы ў Мінску.

Другі тур выбараў прэзідэнта Малдовы праходзіць 3 лістапада. Кандыдаты — цяперашняя кіраўніца дзяржавы, прыхільніца еўраінтэграцыі Мая Санду (беспартыйная) і Аляксандр Стаяногла, які балатуецца ад Партыі сацыялістаў.

Санду ў першым туры 20 кастрычніка набрала 42,49% галасоў, Стаяногла — 25,95%.

На ўчастку ў Мінску ў першым туры прагаласавалі 203 чалавекі: за Санду — 42,86% (87), за Стаяногла — 32,02% (65).

У той жа дзень прайшло галасаванне на рэферэндуме за ўнясенне ў Канстытуцыю палажэння аб інтэграцыі краіны ў Еўрапейскі саюз.

У падтрымку ўступлення Малдовы ў ЕС выказалася 110 з 203 (54,2%) грамадзян краіны, якія знаходзіліся ў Беларусі і чые бюлетэні былі прызнаныя сапраўднымі, супраць — 93 (45,8%). Усяго ў галасаванні ўдзельнічала 205 чалавек. У амбасаду было завезена 2.000 бюлетэняў.

У цэлым грамадзяне Малдовы выказаліся за ўключэнне ў Асноўны закон пункта аб інтэграцыі краіны ў ЕС як стратэгічнай мэты (50,38%).

Падзяліцца: