Мінск 06:44

У Расіі прызнаная “непажаданай” арганізацыя інтэлектуальных гульняў IAIS, у якую ўваходзяць беларускія каманды

Фота: tulapressa.ru

6 лістапада, Позірк. Рашэннем Генеральнай пракуратуры Расіі “непажаданай” на тэрыторыі РФ прызнаная дзейнасць міжнароднай няўрадавай арганізацыі Internationale Assoziation für Intellektuelle Spiele (IAIS), паведамляе прэс-служба расійскага нагляднага ведамства.

“Нягледзячы на палажэнні статута, які забараняе ўдзел у палітычнай дзейнасці, IAIS фактычна распаўсюджвае ў сетцы інфармацыю, накіраваную на дыскрэдытацыю кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, знешняй і ўнутранай палітыкі краіны. Задзейнічаная ў ініцыяваных замежнымі антырасійскімі цэнтрамі прапагандысцкіх кампаніях, накіраваных на прасоўванне пратэстных і дэструктыўных ідэй у Расіі”, — гаворыцца ў заяве Генпракуратуры РФ.

Сярод іншага арганізацыі ставіцца ў віну забарона камандам з Расіі і Беларусі ўдзельнічаць у міжнародных турнірах пад дзяржаўнымі сцягамі сваіх краін. Указваецца, што адпаведны рэгламент прыняты IAIS у дачыненні да каманд з краін, якія падтрымліваюць вайну ва Украіне.

“Пры гэтым у мерапрыемствах працягваюць браць удзел замежныя агенты, а таксама ўдзельнікі замежных няўрадавых арганізацый, дзейнасць якіх прызнаная непажаданай на тэрыторыі РФ”, — адзначаецца ў паведамленні.

Assoziation für Intellektuelle Spiele заснавана ў 2021 годзе, зарэгістраваная ў Ліхтэнштэйне. Аб’ядноўвае больш за 200 удзельнікаў розных версій інтэлектуальных гульняў (“Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынг”, “Свая гульня” і г.д.) з розных краін.

Арганізацыя была створаная праз нязгоду шэрагу гульцоў з палітыкай зарэгістраванай у РФ Міжнароднай асацыяцыі клубаў “Што? Дзе? Калі?”.

У 2022 годзе IAIS у адмысловай заяве асудзіла вайну ва Украіне, развязаную Расіяй пры падтрымцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

З 2015 года “непажаданымі”, паводле расійскага заканадаўства, могуць прызнаваць замежныя або міжнародныя арганізацыі, якія ўяўляюць “пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу Расійскай Федэрацыі, абараназдольнасці краіны або бяспекі дзяржавы”.

Рашэнне аб прызнанні арганізацыі непажаданай прымае генпракурор або яго намеснікі па ўзгадненні з МЗС.

Такім арганізацыям забаронена адкрываць у РФ структурныя падраздзяленні (калі яны былі створаны раней, то павінны быць закрытыя); праводзіць грашовыя аперацыі; распаўсюджваць інфармацыю, у тым ліку ў СМІ або інтэрнэце, а таксама захоўваць такія матэрыялы ў мэтах распаўсюджвання; ствараць юрыдычныя асобы і рэалізоўваць праграмы.

За ўдзел у дзейнасці “непажаданай арганізацыі” прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць, пры паўторным удзеле — крымінальная з максімальным пакараннем да чатырох гадоў пазбаўлення волі. За фінансаванне такой арганізацыі пакаранне можа скласці да пяці гадоў зняволення, за кіраўніцтва — да шасці гадоў.

13 верасня гэтага года “непажаданай арганізацыяй” у Расіі быў прызнаны тэлеканал “Белсат”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года частка беларускіх каманд на знак пратэсту адмовіліся ўдзельнічаць у восеньскай серыі гульняў “Што? Дзе? Калі?” ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала АНТ.

Падзяліцца: